Смяротнасць ад знешніх прычын: у Занальным дзяржархіве ў г.Маладзечна правялі круглы стол на тэму прафілактыкі траўматызму і гібелі людзей у зімовы перыяд
Зіма-гэта час, калі павялічваецца колькасць няшчасных выпадкаў, звязаных з умовамі надвор’я. Слізкія дарогі, нізкія тэмпературы і пагаршэнне бачнасці ствараюць небяспечныя ўмовы як для пешаходаў, так і для кіроўцаў. Акрамя таго, у гэты перыяд ўзрастае рызыка здарэнняў на вадаёмах, што таксама патрабуе асаблівай увагі з боку службаў бяспекі. Свае рызыкі нясе карыстанне пячным ацяпленнем, электрапрыборамі ў зімовы пажаранебяспечны перыяд…
Як прафілактаваць смяротнасць і траўматызм ад знешніх прычын днямі ў фармаце дыялогавай пляцоўкі абмеркавалі ў занальным дзяржаўным архіве ў г.Маладзечна. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі МНС і АСВОД.
Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар архіва Іна Пудакевіч адзначыла: «адной з галоўных дзяржаўных задач з’яўляецца забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі. Але на гэтым шляху ўстае смяротнасць ад знешніх прычын. Штогод у свеце ў выніку траўмаў і іншых няшчасных выпадкаў гіне больш за 5 мільёнаў чалавек. На адны з іх, такія, як прыродныя катаклізмы, складана паўплываць, але ёсць і тыя, якія носяць сезонны характар і іх можна прафілактаваць».
Старшы інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ганчарова прадставіла статыстыку здарэнняў у раёне, а таксама прадэманстравала фільм пра галоўныя прычыны НС. Дарэчы, самай частай з’яўляецца курэнне ў ложку. Таксама яна нагадала, як паводзіць сябе пры надзвычайнай сітуацыі ў адміністрацыйных памяшканнях і домаўладаннях, як працаваць з вогнетушыцелем і самавыратавальнікам. У перадсвяточны перыяд акцэнтавала ўвагу і на правілах карыстання гірляндамі на працы і ў побыце, а таксама на небяспецы, якую нясе піратэхніка.
У сваю чаргу старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі АСВОД Анатоль Пецюшык адзначыў: «У большасці выпадкаў гібелі на вадаёмах зімой становяцца аматары падлёднай лоўлі, дзеці, пакінутыя без нагляду, а таксама тыя, хто, грэбуе парадамі ратавальнікаў, і выходзіць на неакрэплы, друзлы і нетрывалы лёд. У надзвычайных сітуацыях вельмі важна захаваць спакой, пазбавіцца ад страху, ацаніць абстаноўку ў цэлым».
Не ведаючы, што зрабіць для свайго выратавання, чалавек ўпадае ў паніку, якая змяняецца адчаем. Менавіта таму прадстаўнікі АСВОД праводзяць тлумачальную працу сярод насельніцтва. Быць гатовым да рашучых і ўмелым дзеянням азначае выратаваць сваё жыццё. Падчас мерапрыемства Анатоль Міхайлавіч навучыў супрацоўнікаў архіва карыстацца выратавальным інвентаром, уручыў кожнаму – памяткі і буклеты.
Удзельнікі сустрэчы пагрузіліся ў праблематыку, актыўна задавалі пытанні, а таксама сышліся ў меркаванні: у прафілактыцы смяротнасці ад знешніх прычын важна ўзаемадзеянне паміж рознымі службамі і арганізацыямі для эфектыўнага вырашэння праблем, звязаных з бяспекай. Сумесныя намаганні могуць значна знізіць колькасць няшчасных выпадкаў і зрабіць зімовыя месяцы больш бяспечнымі для ўсіх грамадзян. Важна памятаць, што бяспека-гэта агульная задача, якая патрабуе ўвагі і адказнасці кожнага з нас.
![]() |
1. Выступленне М.В.Ганчаровай |
![]() |
2. Выступ А.М.Пяцюшыка |
![]() |
3. Абмеркаванне тэмы ў калектыве ЗГА г.Маладзечна |
![]() |
4. Прафілактычныя буклеты |