У Маладзечне падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж школай і занальным дзяржаўным архівам

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі кіраўнікі дзвюх устаноў у г.Маладзечна: сярэдняй школы №14 і занальнага дзяржархіва. Значная падзея адкрывае новыя гарызонты для паглыбленага вывучання гісторыі і патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Дырэктар ДУ «Сярэдняя школа №14 У Г.Маладзечна» Каліна Віктараўна Капуцкая падкрэсліла важнасць захавання гістарычнай памяці і значнасць доступу да архіўных матэрыялаў для адукацыйнага працэсу. Яна выказала надзею на плённае супрацоўніцтва, якое стане асновай для правядзення розных мерапрыемстваў, накіраваных на інфармацыйную, гісторыка-патрыятычную асвету. Дарэчы, установа адукацыі свята шануе і захоўвае гістарычную памяць, ганарыцца гераічным мінулым свайго народа: у школе размешчаны музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які мае статус «народны», створана зала памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Маладзечаншчыне, функцыянуюць ваенна-патрыятычны клуб «Алмаз» і профільныя патрыятычныя класы, рэалізуюцца і іншыя напрамкі ідэалагічнай і ваенна-патрыятычнай работы.

У сваю чаргу, дырэктар занальнага дзяржархіва ў г.Маладзечна Іна Зянонаўна Пудакевіч распавяла пра мэты і задачы Пагаднення. У прыватнасці, у планах – арганізацыя сумесных навуковых даследаванняў, канферэнцый, семінараў, круглых сталоў, правядзенне выязных вучэбных заняткаў і экскурсій у дзяржархівы Рэспублікі Беларусь для навучэнцаў школы, абмен вопытам і сумесны пошук новых эфектыўных форм і механізмаў ідэалагічнага суправаджэння вучэбнай, навуковай і выхаваўчай работы, накіраванай на захаванне гістарычнай памяці, выхаванне духоўнасці і маральнасці ў грамадстве. Падчас мерапрыемства ўжо ў рамках рэалізацыі Пагаднення Іна Зянонаўна перадала школе некаторыя лічбавыя копіі асабліва каштоўных дакументаў, якія адлюстроўваюць факты генацыду на Маладзечанскай зямлі. Такая спадчына дапоўніць комплекс матэрыялаў, прадстаўленых у раённай музейнай экспазіцыі, размешчанай на базе школы.

Падчас мерапрыемства таксама выступіла загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Алена Аляксандраўна Тамковіч, якая прадставіла прэзентацыю аб архіве і варыянтах супрацоўніцтва, падрабязна спыніўшыся на магчымасці мэтавага набору ў вышэйшую навучальную ўстанову з наступным гарантаваным працаўладкаваннем у занальны дзяржархіў.

У завяршэнне мерапрыемства прагучала шмат слоў пра значнасць архіваў, школьнікі выступілі з канцэртным нумарам. Удзельнікі мерапрыемства выказалі ўпэўненасць у тым, што партнёрства паміж дзвюма ўстановамі прынясе шмат новых ведаў і адкрые перад навучэнцамі ўнікальныя магчымасці для вывучэння гісторыі сваёй краіны.

Пагадненне паміж У ЗГА ў г.Маладзечна і установай адукацыі стала лагічным працягам мерапрыемстваў у рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», ініцыяванай Дэпартаментам па архівах і справаводстве і Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Занальны дзяржархіў у ёй актыўна ўдзельнічае: з 2022 года ўстановай ахоплена больш за 5 000 школьнікаў з Маладзечанскага, Валожынскага, Вілейскага і Мядзельскага раёнаў, якія сталі ўдзельнікамі экскурсійных, выставачных, даследчых і інфармацыйных праектаў.

 

1. Уступная гаворка К.У.Капуцкай
2. Выступ І.З.Пудакевіч
3. Падпісанне Пагаднення
4. Удзельнікі мерапрыемства
5. Заг. аддзелам Я.А.Тамковіч
6. Вядучыя мерапрыемствы
7. Знаёмства з мабільнымі выставамі
8. Знаёмства з Залай памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай айчыннай вайны на Маладзечаншчыне