Аб рэалізацыі рэспубліканскай акцыі «Архівы-школе» ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі

26 лістапада 2024 г. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі (БДАНТД) гасцінна адчыніў свае дзверы для студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта (БНТУ). У рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы-школе» была арганізавана экскурсія для навучэнцаў, якая дазволіла ім акунуцца ў свет архіўнай галіны.

Падчас экскурсіі студэнты даведаліся пра гісторыю стварэння і развіцця БДАНТД, асаблівасці яго будынка, структуру і ключавыя напрамкі дзейнасці. Адмысловая ўвага была нададзена знаёмству з працай архівасховішчаў, дзе загадчык аддзела забеспячэння захаванасці і ўліку дакументаў М.А.Міхайлава падрабязна расказала аб стварэнні аптымальных умоў захоўвання каштоўных дакументаў, правілах іх размяшчэння, парадку выдачы і ўліку спраў, а таксама аб мерах па забеспячэнні захаванасці архіўных матэрыялаў у надзвычайных сітуацыях.

Завяршальным этапам экскурсіі стала дэманстрацыя ўнікальных архіўных дакументаў, якія адлюстроўваюць ключавыя аспекты навукова-тэхнічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Гэты момант выклікаў асаблівую цікавасць у студэнтаў, дазволіўшы ім убачыць, як архіўная дзейнасць звязана з гісторыяй прагрэсу і дасягненняў краіны.

Такія мерапрыемствы дапамагаюць маладым людзям не толькі лепш зразумець значнасць архіваў, але і зірнуць на навукова-тэхнічную гісторыю рэспублікі праз прызму сапраўдных дакументаў. Экскурсія стала не проста адукацыйнай, але і натхняльнай падзеяй для будучых спецыялістаў.

На фота: У працэсе экскурсіі