Аб правядзенні ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства для натарыята Гомельшчыны.
13 верасня 2024 года напярэдадні дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства ўстанова «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» прыняла ў сваіх сценах прадстаўнікоў Гомельскай абласной натарыяльнай палаты.
Гасцей сустракаў дырэктар архіва Андрэй Сушчэвіч. У сваім прывітальным слове ён павіншаваў прысутных з надыходзячым дзяржаўным святам, адзначыўшы, што 17 верасня – гэта значнае свята для кожнага грамадзяніна нашай краіны, якое сімвалізуе згуртаванне народа, адзінства ўсіх беларусаў, незалежна ад іх паходжання, веравызнання і сацыяльнага статусу.
Увазе гасцей была прадстаўлена дакументальная выстаўка «Адзіная Беларусь – гістарычная справядлівасць», прысвечаная падзеям 17 верасня 1939 г., якая экспануецца ў чытальнай зале архіва.
Андрэй Мікалаевіч у сваёй лекцыі распавёў прысутным аб важнасці разумення сутнасці гістарычнага працэсу, які папярэднічаў вераснёўскім падзеям 1939 года, у тым ліку, падрабязна спыніўся на Рыжскай дамове ад 18 сакавіка 1921, калі беларуская нацыя і яе этнічная тэрыторыя апынуліся падзеленыя на тры часткі. 17 верасня – гэта дата гадавіны вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, у выніку якога падзелены супраць сваёй волі беларускі народ па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы зноў уз’яднаўся.
Адноўленае адзінства дапамагло Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны і заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Заканчваючы лекцыю, Андрэй Мікалаевіч нагадаў гасцям, што згуртаванасць беларускага народа, уменне жыць дружнай вялікай сям’ёй, паразуменне – найважнейшыя складальнікі, якія забяспечваюць гармонію, развіццё і працвітанне нашай Радзімы.
У рамках мерапрыемства прысутным быў прадэманстраваны фільм «Уз’яднанне», падрыхтаваны ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства.
Для гасцей таксама была праведзена аглядная экскурсія па архіве і архівасховішчы, дзе вядучы архівіст Марына Уладзіміраўна Бартноўская расказала аб сістэме мер па стварэнню ўмоў пастаяннага захоўвання і ўліку архіўных дакументаў.
![]() |
1. Прадстаўнікі Гомельскай абласной натарыяльнай палаты. |
![]() |
2. Дырэктар архіва Андрэй Мікалаевіч Сушчэвіч праводзіць лекцыю. |
![]() |
3. Вядучы архівіст Марына Уладзіміраўна Бартноўская расказвае гасцям аб сістэме захоўвання архіўных дакументаў. |