Круглы стол «Адзіная Беларусь – гістарычная справядлівасць» ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці»

11 верасня 2024 года напярэдадні дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» адбыўся круглы стол «Адзіная Беларусь – гістарычная справядлівасць».

Адкрыў мерапрыемства дырэктар архіва Андрэй Мікалаевіч Сушчэвіч. У сваім уступным слове ён адзначыў, што захаванне гісторыі без скажэння – ключавы напрамак дзяржаўнай палітыкі нашай краіны, у сувязі з чым, нельга дапусціць фальсіфікацый мінулага беларускага народа. Андрэй Мікалаевіч павіншаваў прысутных з надыходзячым святам Днём народнага адзінства. У рамках мерапрыемства ўдзельнікам круглага стала была прадстаўлена выстава, прысвечаная падзеям 17 верасня 1939 г., якая экспануецца ў чытальнай зале архіва.

Далей слова было дадзена намесніку дырэктара музея па навуковай рабоце ўстановы «Гомельскі абласны музей ваеннай славы» Канстанціну Сяргеевічу Мішчанку. У сваім выступленні спікер распавёў прысутным аб найноўшых даследаваннях падзей 1939 года. Канстанцін Сяргеевіч, у прыватнасці адзначыў, што вераснёўскія падзеі 1939 года ліквідавалі гістарычную несправядлівасць Рыжскай дамовы (18 сакавіка 1921), калі беларуская нацыя і яе этнічная тэрыторыя апынуліся падзеленыя на тры часткі. Тэрыторыя Беларусі зноў набыла цэласнасць, вярнулася ў рэчышча векавой гістарычнай традыцыі. На вызваленых заходне-беларускіх землях былі створаны ўмовы для будаўніцтва новага жыцця. З гэтага часу нацыянальнае адзінства стала найважнейшай перадумовай для далейшага развіцця беларускага грамадства і дзяржавы.

Да дыскусіі далучылася загадчыца філіяла-бібліятэкі №14 г.Гомеля Людміла Яўгенаўна Драздова, якая выказала меркаванне, што несправядлівасць, з якой сутыкнуўся наш народ у 1921 годзе, апынуўшыся падзеленым на два дзесяцігоддзі, пазбаўлення, якія ён выпрабаваў, не маем права забыцца. І даследаванне дадзенага перыяду беларускай гісторыі павінна быць працягнута.

Вялікую цікавасць у прысутных выклікаў фільм «Уз’яднанне», падрыхтаваны ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» да мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства.

Падводзячы вынікі круглага стала, эксперты выказалі меркаванне аб высокай ролі архіваў у прыцягненні ўвагі да важнейшых пытанняў гісторыі Беларусі, выказалі ўпэўненасць у тым, што архіўныя дакументы будуць па-ранейшаму з’яўляцца галоўнай крыніцай па аднаўленні мінулага нашага краю.

Таксама ўдзельнікі круглага стала пацвердзілі важнасць праводзімых круглых сталоў і дыялогавых пляцовак, адзначылі актуальнасць удзелу ў гэтых мерапрыемствах прадстаўнікоў навуковай грамадскасці.

 

1. Спікеры круглага стала (злева направа): Канстанцін Сяргеевіч Мішчанка, Андрэй Мікалаевіч Сушчэвіч, Людміла Яўгенаўна Драздова;
2. Удзельнікі круглага стала;
3. Кадры фільма «Уз’яднанне».