У рамках Купалаўскіх дзён «Занальны дзяржархіў у г.Маладзечне» прадставіў стэндавую выставу «Паўліна Мядзелка – муза ў творчасці Янкі Купалы»
У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» (Мінская вобласць, Маладзечанскі раён) прайшлі традыцыйныя Купалаўскія дні, прысвечаныя Дню нараджэння беларускага паэта, перакладчыка, публіцыста і драматурга Янкі Купалы. Аматараў яго творчасці ў гэтыя выхадныя сабрала рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «За адною думкаю аб шчасці Беларусі..».. А ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна» ў межах літаратурнага тыдня прадставілі выставу дакументаў, прысвечаную музе песняра – Паўліне Мядзёлка.
Адны гавораць пра Паўліну як пра першую выканаўцу галоўнай ролі ў п’есе «Паўлінка», іншыя – як пра каханую песняра, музу (ёй прысвечаны паэма, п’есы, мноства вершаў). Але і сама дзяўчына – цікавая асоба: педагог, актрыса, пісьменніца, заслужаны дзеяч культуры Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Асабіста была знаёмая з многімі палітычнымі і культурнымі дзеячамі Беларусі: паэткай Ларысай Геніюш, кампазітарам Канстанцінам Галкоўскім, беларускім тэатральным дзеячам Ігнатам Буйніцкім, паэткай і палітычным дзеячам Цёткай, пісьменнікам Змітраком Бядулем, паэтам і літаратуразнаўцам Максім Улашчыкам, паэткай Кастанцыяй Буйло, пісьменнікам Максімам Гарэцкім і многімі іншымі вядомымі людзьмі.
У дакументах занальнага дзяржархіва ў г.Маладзечне ёсць некаторая інфармацыя аб сям’і Мядзёлкі. Так, у дакументах польскага перыяду – звесткі пра яе бацькоў і брата, якія пражывалі ў 1921 годзе ў г.Глыбокае Глыбоцкай гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства; у дакументах савецкага перыяду (пагаспадарчых кнігах в.Будслаў былога Крывіцкага раёна Маладзечанскай вобласці) за пасляваенны перыяд – звесткі аб пражыванні яе і яе маці. Таксама ёсць і асабістая справа самой Паўліны. Яна складаецца ўсяго з 9 лістоў, але кожны – вельмі каштоўны: накіраванне на працу, асабісты лісток, заява, аўтабіяграфія і дзве даведкі. Адна з іх датаваная 11 мая 1936 года, за подпісам народнага паэта БССР Янкі Купалы. У гэтым дакуменце паэт пры згадванні імя Павлины выпраўляе яго напісанне на Паўліну. На дакуменце ёсць адзнака: «Подпіс народнага паэта Янкі Купалы праўленне ССП БССР сведчыць».
Апошнія гады яе жыцця прайшлі ў роднай вёсцы. Там, 13 лютага 1974 г., яна памерла і пахавана на мясцовых могілках. Імя Паўліны Вікенцьеўны Мядзёлкі назаўжды застанецца ў памяці землякоў: яе імем названы ДУА «Будслаўская СШ», а таксама вуліцы у Будславе і ў Мінску.
![]() |
1. Фрагмент выставы |
![]() |
2. Супрацоўнікі аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў у працэсе падрыхтоўкі выставы |
![]() |
3. Аналіз дакументаў пры падрыхтоўцы выстаўкі |
![]() |
4. Супрацоўнікі архіва знаёмяцца з выставай |
![]() |
5. Фрагмент выставы |
![]() |
6. Фрагмент выставы |
![]() |
7. Фрагмент выставы |
![]() |
8. Фрагмент выставы |
![]() |
9. Фрагмент выставы |
![]() |
10. Звесткі аб складзе сям’і Паўліны Мядзёлкі ў гаспадарчай кнізе |