Без права на забыццё нашчадкаў. Архівісты Маладзечна ўшаноўваюць памяць аб сваяках, якія сталі ахвярамі генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – адно з самых значных дзяржаўных свят, калі мы ўшаноўваем родную краіну, якую любім і якой ганарымся. Ён – як сімвал нацыянальнага яднання і агульнай адказнасці за будучыню Радзімы. Святкуючы Дзень Незалежнасці, мы дзякуем ветэранам за іх вялікі подзвіг, успамінаем добрым словам пасляваенныя пакаленні, якія аднавілі гарады і вёскі з руін, і, вядома ж, аддаём даніну памяці загінуўшым воінам, мірным жыхарам, якія сталі ахвярамі фашызму.

Напярэдадні 3 ліпеня схіліла галаву перад памятным месцам загадчык аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечне» Ілона Кутас. Бярэзіншчына — Радзіма яе прабабулі Алены Ісаёнак — знаходзілася ў акупацыі тры гады. Захапіўшы гэтую зямлю, нямецка-фашысцкія захопнікі пад шыльдай «новага парадку», устанавілі тут рэжым крывавага тэрору. Насельніцтва раёна зменшылася на 16,5 тыс. чалавек (на 25% даваеннага ўзроўню), колькасць жыхароў Беразіно – удвая. Страты мірнага насельніцтва склалі 4190 чалавек, з іх 613 дзеці. Павешана і расстраляна звыш 3000 тысяч, вывезена ў Германію 1,5 тысяч чалавек. У 1942 годзе батальён СС пад камандаваннем Дзірлевангера зладзіў жорсткую расправу. У ходзе 6 карных аперацый супраць мірнага насельніцтва у 1942 -1943 гадах былі спалены поўнасцю 22 вёскі, з іх 6 разам з жыхарамі. 4 вёскі Вайціхава, Клешчыцы, Таўсціца, Уцешына не адрадзіліся. У Баравіна было забіта 208 чалавек і спалена 76 дамоў. Сярод ахвяр генацыду — прабабуля Ілоны Герасімаўны.

Пасля вайны вёска адноўлена. Цяпер тут працякае мірнае, спакойнае жыццё. Пра трагічныя старонкі мінулага сведчаць архіўныя дакументы, гаворка пра іх ідзе і ў апавяданні беларускага пісьменніка-земляка Яўгена Курто «Зоя», моўчкі «крычыць» пра зверствы нацызму збудаваны ля брацкай магілы мемарыял…

Будзем памятаць!

 

1. Загадчык аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду ўстановы «Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечне» І.Р.Кутас каля мемарыяла «Брацкая магіла ахвяр фашызму».
2-3. Мемарыял «Брацкая магіла ахвяр фашызму» (в.Баравіна Бярэзінскі раён.