Установу «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» наведалі прадстаўнікі натарыята Гомельшчыны на чале з намеснікам старшыні Гомельскай абласной натарыяльнай палаты Аксанай Каляснёвай

25 чэрвеня 2024 г.прадстаўнікі натарыята Гомельшчыны на чале з намеснікам старшыні Гомельскай абласной натарыяльнай палаты Аксанай Каляснёвай наведалі будынак установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» (далей – ДАГв), якая размешчана па адрасе вул. Косарава, д.23.

З прывітальным словам перад запрошанымі гасцямі выступіў дырэктар ДАГв Андрэй Мікалаевіч Сушчэвіч. У сваёй прамове Андрэй Мікалаевіч расказаў аб гісторыі стварэння абласнога архіва, яго асноўных напрамках дзейнасці, разнастайнай рабоце, якая праводзіцца архівістамі па адборы, захоўванні і выкарыстанні дакументаў. Вялікую ўвагу ў сваім выступленні ён удзяліў асноўным паказчыкам і асаблівасцям новага будынка архівасховішча.

«Плошча архівасховішча – звыш 2, 1 тыс. кв.м, што дазволіць размясціць больш за 1 млн. архіўных спраў і вырашыць пытанне з камплектаваннем абласнога архіва на дзясяткі гадоў наперад. Бо штогод на захоўванне прымаецца каля 5 тыс. спраў», – адзначыў дырэктар ДАГв.

Увазе гасцей таксама была прадстаўлена дакументальная выстава «Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай айчыннай вайны і генацыду беларускага народа прысвячаецца». Гэты выставачны праект з’яўляецца важкім укладам у вялікую працу, якая праводзіцца архіўнымі ўстановамі па захаванні гістарычнай памяці аб падзеях і ўдзельніках Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.) і набывае асаблівае значэнне ў 80-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Акрамя таго, дырэктар ДАГв правёў аглядную экскурсію па архівасховішчы. Андрэй Мікалаевіч расказаў аб тым, што ў новым архівасховішчы ўстаноўлена газавая сістэма з вуглякіслым газам. Перавагі газавых установак у кампактнасці, прастаце прымянення, бяспецы для навакольнага асяроддзя, эфектыўнай барацьбе з агнём і адсутнасці шкоды для захоўвання дакументаў.

Падчас мерапрыемстваў дырэктар архіва даў вычарпальныя адказы на ўсе зададзеныя пытанні.

 

1. Дырэктар ДАГв А.М.Сушчэвіч падчас выступу
2. Агульнае фота мерапрыемства
3. Прадстаўнікі натарыяту Гомельшчыны падчас экскурсіі
4. Дырэктар ДАГв А.М.Сушчэвіч праводзіць экскурсію