Інтэрв’ю тэлеканалу «Культура» пра выставу «Сам-насам з вечнасцю» да 100-годдзя Васіля Быкава ў БДАМЛМ
18 чэрвеня 2024 года вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Мізон распавяла тэлеканалу «Культура» Беларускага тэлебачання (БТ-3) пра выставу «Сам-насам з вечнасцю» да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Архіўныя дакументы з фонду пісьменніка прадстаўляюць жыццёвы і творчы шлях Васіля Уладзіміравіча. Лёс пісьменніка прачытваецца як у стандартных даведках і пасведчаннях, так і ў асабістых лістах да сяброў і калег, тэлеграмах і віншаваннях ад родных і блізкіх. Сведчаннем папулярнасці твораў Быкава сярод чытачоў з’яўляеца карэспандэнцыя пісьменніка з усяго свету. Водгукі на прачытаныя творы пра вайну, перажыванні пра лёс быкаўскіх герояў, думкі пра сучаснасць – гэтыя і іншыя пачуцці ўкладзены ў паштоўкі, лісты, тэлеграмы як простых людзей, так і рэжысёраў, сцэнарыстаў, што ставілі п’есы і здымалі фільмы па творах Васіля Уладзіміравіча. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны дасылалі шматлікія прызнанні праўдзівасці быкаўскіх твораў пра вайну.
Сюжэт пра выставу «Сам-насам з вечнасцю» да 100-годдзя Васіля Быкава будзе паказаны на тэлеканале «Культура» БТ-3.