Установай «Занальны дзяржаўны архіў у г.Оршы» і Ваенна-гістарычным музеем імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава падрыхтавана і арганізавана выстаўка архіўных дакументаў «Пакуль памяць жыва…»

8 мая 2024 года ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, установай «Занальны дзяржаўны архіў у г.Оршы» і Ваенна-гістарычным музеем імя К.С.Заслонава падрыхтавана і арганізавана выстаўка архіўных дакументаў «Пакуль памяць жыва…». Выстаўка размешчана ў Ваенна-гістарычным музеі імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава.

У выставе выкарыстаны фатаграфіі і матэрыялы з фотаальбома «523-га знішчальнага авіяцыйнага Аршанскага Чырванасцяжнага ордэнаў Суворава, Кутузава і Аляксандра Неўскага палка», экспанаты Ваенна-гістарычнага музея імя Героя Савецкага Саюза К.С.Заслонава.

Фотаальбом уключае 84 фатаграфіі, якія адлюстроўваюць подзвігі лётчыкаў-абаронцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

523 знішчальны авіяцыйны полк быў сфарміраваны ў верасні 1941 года на базе 3-й эскадрыллі 274-га знішчальнага палка. Быў узброены знішчальнікамі ЛаГГ-3.

Падчас падрыхтоўкі да Беларускай аперацыі полк вёў актыўную бесперапынную разведку паўночнага захаду Беларусі, раёнаў Оршы, Віцебска, пасля Мінска. За адзнаку ў баях за авалоданне горадам і аператыўна важным чыгуначным вузлом Орша Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага СССР ад 06.07.1944 № 0182 523-му знішчальнаму авіяцыйнаму палку прысвоена ганаровае найменне «Аршанскі».

23 ліпеня 1944 года за паспяховае выкананне заданняў камандавання ў баях з нямецкімі захопнікамі, за авалоданне сталіцай Савецкай Беларусі горадам Мінск і праяўленыя, пры гэтым доблесць і мужнасць, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 523 знішчальны авіяцыйны полк узнагароджаны ордэнам.

Усяго за час удзелу ў Вялікай Айчыннай вайне лётным складам палка выканана 8325 баявых вылетаў. Колькасць знішчаных самалётаў суперніка – 114 у паветраных баях і 1 на аэрадроме пры штурмоўцы. Таксама, нанесены значны ўрон наземным войскам праціўніка, сабраны важныя разведдадзеныя.

Выстаўка адрасавана шырокаму колу асоб: школьнікам, студэнтам, краязнаўцам, педагогам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай рэгіёна.