Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прэзентаваў выставачны праект «Генацыд беларускага народа. Без тэрміну даўнасці»

30 красавіка 2024 года на базе ўстановы адукацыі «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» адбылася міжведамасная навукова-практычная канферэнцыя. Яе ўдзельнікамі сталі работнікі ідэалагічных апаратаў дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Тэма канферэнцыі: «Арганізацыя ваенна-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі ў дзяржаўных органах сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі». Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) прэзентаваў выставачны праект «Генацыд беларускага народа. Без тэрміну даўнасці».

Другая Сусветная вайна была не толькі самай кровапралітнай, але і самай жорсткай у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва. Выстава знаёміць са шматлікімі дакументальнымі сведчаннямі злачынстваў нацыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны – актамі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у якіх утрымліваюцца звесткі а злачынствах, здзейсненых фашыстамі супраць грамадзянскага насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод прадстаўленых дакументаў успаміны Крайко Вольгі Пятроўны – вязніцы лагера смерці «Асвенцым»; пратакол допыту Людвіга Нітка, які прымаў удзел у расстрэле мірных грамадзян в.Шаулічы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці; акт, складзены жыхарамі в.Селішча Каменскага сельсавета Плешчаніцкага раёна Мінскай вобласці аб спаленні в.Хатынь з яе насельніцтвам; дакладная запіска начальніку БШПР П. Калініну аб спальванні немцамі трупаў па-зверску расстраляных савецкіх грамадзян у Магілёве і Бабруйску, распараджэнне палявога каменданта аб стварэнні гета ў г.Мінску; загад камандзіра асаблівага батальёна СС Оскара Дырлевангера па прачэсванні тылу падчас аперацыі «Харнунг»; уліковыя карткі на беларусаў, вывезеных на прымусовыя работы ў Германію і іншыя ўнікальныя дакументы архіва.

Прадстаўленыя на выставе фотадакументальныя матэрыялы аб’яднаны ідэяй захавання гістарычнай памяці, што спрыяе самаідэнтыфікацыі беларускага народа, выхаванню патрыятызму і пачуцця гонару за гераічнае мінулае.

 

1. Банэрная выстава «Без тэрміну даўнасці»
2. Дакументальная выстава
3. Архіўныя дакументы на выставе
4. Вядучы архівіст В.П.Гарматны знаёміць з выставай удзельнікаў канферэнцыі
5. Вядучы архівіст В.П.Гарматны знаёміць з выставай удзельнікаў канферэнцыі
6. Вядучы архівіст В.П.Гарматны знаёміць з выставай удзельнікаў канферэнцыі