Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы правёў інфармацыйную гадзіну ў гонар Года якасці

5 красавіка 2024 года ў рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе» ў сярэдняй школе № 10 г. Рэчыцы была праведзена інфармацыйная гадзіна па тэме «ААТ «Рэчыцадрэў». 120 гадоў пад знакам якасці», прысвечаная Году якасці і юбілею дрэваапрацоўчага аб’яднання «Рэчыцадрэў».

Архівісты расказалі вучням 8 «В» класа аб гісторыі і дзейнасці «Рэчыцадрэва», падкрэсліўшы асноўныя факты, дасягненні і якасць прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці Рэчыцы. Моладзі было растлумачана значэнне Дзяржаўнага знака якасці Рэспублікі Беларусь (зацверджаны Указам № 21 Прэзідэнта ад 18 студзеня 2024 г.), прадстаўлены гістарычна важныя архіўныя дакументы з фондаў прадпрыемства і яго работнікаў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы Дзмітрыя Банадыка, Паўла Калеснікава і Андрэя Янковіча.

Таксама з васьмікласнікамі была праведзена міні-віктарына па тэме мерапрыемства, па выніках якой уручаліся маленькія прызы з лагатыпам ААТ «Рэчыцадрэў».