Аб рабоце па выяўленні кінадакументаў, якія адносяцца да падзей на тэрыторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны, у Расійскім дзяржаўным архіве кінафотадакументаў
Загадчык аддзела фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (далей – БДАКФФД) Л.В.Дубатоўка наведала Расійскі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў (далей – РДАКФД) у г.Краснагорску падчас службовай камандзіроўкі, якая адбылася 25-29 марта 2024 года. Камандзіроўка была запланавана ў рамках выканання плана падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Папярэдне была праведзена работа па выяўленні кінадакументаў па гэтай тэме ў фондах РДАКФД з дапамогай электроннага кінакаталога на сайце архіва, усяго выяўлена 36 кінадакументаў, падрыхтаваны пералік. Далейшая работа была працягнута ў чытальнай зале кінадакументаў РДАКФД на гукамантажным стале. Кінадакументы праглядаліся, іх апісанне спраўджвалася з мантажнымі лістамі, фіксаваўся час паказу, а таксама змест кінадакументаў. Увага была ўдзелена кінадакументам, якія адносяцца да падзей на тэрыторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны. Найбольшую цікавасць уяўляюць сюжэты Кіналетапісу Вялікай Айчыннай вайны, знятыя франтавымі аператарамі на тэрыторыі Беларусі. Падчас працы былі прагледжаны кінадакументы Кіналетапісу: «Заходней Мазыра» (1944), «Горад Віцебск» (1944), «Рэчыца» (1943), «Горад Магілёў» (1944), «Горад Бабруйск» (1944), «Узяцце горада Пінска» (1944) і іншыя.
Падчасе камандзіроўкі была праведзена рабочая сустрэча з удзелам намесніка дырэктара РДАКФД па вытворча-тэхнічных пытаннях і інфармацыйных тэхналогіях С.В.Пераходава, намесніка дырэктара, галоўнпга захавальніка фондаў А.А.Беляковай, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў. Л.В.Дубатоўка азнаёмілася з досведам працы РДАКФД па пытаннях камплектавання, новымі тэндэнцыямі ў рэстаўрацыі аўдыёвізуальных дакументаў.
![]() |
Падчас працы ў чытальнай зале кінадакументаў |
![]() |
Падчас працоўнай сустрэчы |