Азарычы. Боль і памяць усяго беларускага народа (да 80-годдзя вызвалення лагера смерці ў Азарычах)

Сёння, 19 сакавіка 2024 года, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80 гадавіне вызвалення вязняў комплексу фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў смерці «Азарычы» ў Гомельскай вобласці.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь А.Швед, Старшыня Гомельскага аблвыканкама І.Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Ю.Гарлоў, Міністр унутраных спраў І.Кубракоў, біскуп Тураўскі і Мазырскі Леанід, сведкі тых страшных падзей-вязні Азарыцкага лагера, а таксама прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый.

Ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ва ўрачыстым мітынгу-рэквіеме прынялі ўдзел намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству А.Цвяткоў, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.Дземянюк, начальнік аддзела па каардынацыі прававой, кантрольнай і архіўнай работы Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Н.Сакалова.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама пачаў сваё выступленне словамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі: «Память о павших в борьбе за свободу и независимость Родины, за освобождение планеты от коричневой чумы, память о жертвах нацизма для нашего народа священна. Бережное отношение к ней стало частью национальной идеи».

Для фашысцкіх катаў вязні лагера смерці былі жывым шчытом ад надыходзячай Чырвонай Арміі. Менавіта ў Азарычах, упершыню на тэрыторыі Беларусі, была выкарыстана бактэрыялагічная зброя супраць мірных грамадзян.

Сёння мы назіраем беспрэцэдэнтную па сваім маштабе і цынізму барацьбу з нашай гістарычнай памяццю: спробы абясцэніць подзвіг савецкіх салдат і беларускіх партызан, іх уклад у перамогу над фашызмам.

Да мемарыяльнага комплексу вязняў Азарыцкага лагера смерці і помніка ваенным медыкам, якія ратавалі мірнае насельніцтва, заражанае нацыстамі сыпным тыфам, былі ўскладзены кветкі.

Па даручэнні Міністра юстыцыі С.Хаменкі для Архібіскупа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана быў перададзены камплект кніг «Архівы. Нічога, акрамя праўды».