У дзяржархіве ў г.Глыбокае адбыўся чарговы ўрок для членаў таварыства па інтарэсах «Юны архівіст»

20 студзеня 2024 года адбыўся чарговы ўрок для членаў таварыства па інтарэсах «Юны архівіст». На гэты раз для дзяцей праведзены практычны занятак па складанні генеалагічнага дрэва.

На папярэднім уроку дзецям у якасці дамашняга задання было прапанавана падрыхтаваць інфармацыю аб месцах пражывання сваякоў, звесткі аб якіх яны хацелі б атрымаць.

Загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Таццяна Аўласава паказала вучням, як з дапамогай геаграфічнага паказальніка да пагаспадарчых кніг выбраць неабходныя для работы справы. Затым вучні самастойна ажыццявілі пошук спраў у архівасховішчы.

І, нарэшце, наступіў самы захапляльны момант урока, калі дзеці дакрануліся да гісторыі сваіх продкаў. З вялікай цікавасцю яны гарталі старонкі пагаспадарчых кніг у пошуку знаёмых прозвішчаў і імёнаў.