Прэс-рэліз аб вечары памяці, прысвечанага 95-годдзю з дня нараджэння Леаніда Баразны

1 лютага 2024 года а 11:00 у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва пройдзе вечар памяці, прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння Лявона Баразны.

У фокусе мерапрыемства – жыццё і творчасць Лявона Цімафеевіча Баразны (1928/29–1972) – выбітнага беларускага мастака, этнографа і грамадскага дзеяча.

Рыгор Барадулін пісаў: «Рэдкае гэта прозвішча – Баразна. Хлебаробнае, хлебароднае. Дарагое аратайнай душы. Як і Скарына…». Народны паэт Беларусі параўнаў Баразну са Скарынам. Сапраўды, за 44 гады жыцця мастак шмат зрабіў для захавання беларускай культуры: на падставе сабранага ў экспедыцыях матэрыялу падрыхтаваў да друку альбомы малюнкаў «Беларускі народны арнамент Палесся» (1957), «Беларуская народная вопратка» (1958), «Арнамент Гродзеншчыны» (1960); распрацаваў сцэнічныя касцюмы для ансамбля «Песняры» і для больш як 15 самадзейных народных калектываў (за ўнёсак у развіццё мастацкай самадзейнасці быў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР (1963); сістэматызаваў і падрыхтаваў да друку (разам з М. Басалыгам) выданне «Гравюры Францыска Скарыны» (1972) і інш.

На вечары памяці выступяць дочкі Лявона Баразны, яго сябры-мастакі і знаёмыя (у т.л. Зміцер Іўчанка – аўтар дакументальнага фільма «Лявон Баразна… Адданае сэрца» (2022). На вітрыннай выставе будуць экспанавацца малюнкі мастака, яго фотаздымкі і інш.

БДАМЛМ
вул. Кірылы і Мяфодзія, 4
даведкі па тэлефоне: 316-47-81