Выстава архіўных дакументаў «Рэспубліка-партызанка»
3 снежня 2023 года ў Мінскай гарадской Ратушы адбылося пасяджэнне сумеснай калегіі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі. У рамках дадзенага мерапрыемства Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў выставу архіўных дакументаў «Рэспубліка-партызанка».
Рэспублікай-партызанкай наша краіна атрымала права называцца за беспрэцэдэнтны патрыятычны рух у адзін з найбольш складаных перыядаў гісторыі – гады Вялікай Айчыннай вайны. У гады гітлераўскай акупацыі на тэрыторыі Беларусі дзейнічала звыш 1 200 партызанскіх атрадаў, дзе змагаліся больш за 370 тысяч народных мсціўцаў, якія сваімі рашучымі дзеяннямі зрывалі планы гітлераўцаў па разрабаванню беларускіх зямель і згону мірных жыхароў у рабства, не дапускалі ўстанаўлення тут варожых парадкаў.
Заг.аддзелам М.А. Старасценка пазнаёміла ўдзельнікаў Калегіі з унікальнымі дакументамі, якія адлюстроўваюць факты мужнасці і гераізму нашых суайчыннікаў у гады вайны: гэта дзённікі баявых дзеянняў, гісторыі партызанскіх атрадаў і брыгад, малюнкі партызан – мастакоў, узнагародныя лісты і характарыстыкі на ўдзельніка партызанскага руху, Героя Савецкага Саюза М.А.Ягорава, які разам з мл. сяржантам М.В. Кантарыя узняў сцяг Перамогі на даху Рэйхстага 1 мая 1945 г.і кіраўніка падпольнай групы ў Гомелі, Героя Савецкага Саюза Ц.С. Барадзіна, а таксама справы Герояў Савецкага Саюза, якія беражліва захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
На фота: Члены сумеснай калегіі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі знаёмяцца з матэрыяламі выставы