Свой край ведай, кахай, вывучай!

Нягледзячы на пахмурнае і дажджлівае надвор’е ў кастрычніцкія выходныя дні адбылася экскурсійная паездка па маршруце смаўжавая ферма «РАТАЎ» – Навагрудак – Бярозаўка, арганізаваная першаснай прафсаюзнай арганізацыяй Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, для працаўнікоў Дэпартамента і членаў іх сем’яў..

Пазнавальная аўтобусная паездка прайшла на «Ура». Удалося сумясціць вытворчы і гастранамічны турызм, а таксама наведаць гістарычныя мясціны.

Такім чынам, першая кропка на карце падарожжаў – смаўжовая ферма «РАТАЎ», размешчаная недалёка ад Мірскага замка, – гэта месца, дзе жывуць слімакі самых розных парод і памераў. Займальная экскурсія, падчас якой удалося пазнаёміцца з незвычайнымі насельнікамі фермы і іх ладам жыцця, а таксама прадэгуставаць гатовых малюскаў і фермерскія віны, вельмі ўразіла ўдзельнікаў экскурсіі.

Навагрудак – адзін з найстаражытных гарадоў Беларусі, гісторыя якога цесна звязана з зараджэннем Вялікага княства Літоўскага. Галоўнай і незаменнай славутасцю горада з’яўляецца старажытны замак 12 стагоддзі, які служыў рэзідэнцыяй вялікіх князёў. Наведванне Замкавай гары і агляд руін гэтага старажытнага збудавання не пакінулі нікога абыякавымі.


Багатае мінулае Навагрудчыны знайшло бліскучае адлюстраванне ў паэзіі яе знакамітага ўраджэнца Адама Міцкевіча – тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады паэта. Наведванне дома-музея А.Міцкевіча пакінула моцнае ўражанне дзякуючы багатай экспазіцыі пра гэтага паэта сусветнай славы.




Кульмінацыяй падарожжа стала наведванне шклозавода «Нёман» у горадзе Бярозаўка – горадзе майстроў шкла, у якім традыцыі вытворчасці шкла і крышталю закладзены з 1883 года.

Падчас экскурсіі ўдалося наведаць шкляны музей, дзе сабраны вырабы неймавернай прыгажосці, і пазнаёміцца з працэсам вытворчасці шкла. Бо менавіта сам працэс з’яўлення выраба са шкла вырабляе моцнае ўражанне. Вельмі цікава назіраць за тым, як з распаленага полымя ствараюцца шкляныя постаці рознай формы і колеры.



З упэўненасцю можна сказаць, што падобныя мерапрыемствы будуць працягнуты і дазволяць яшчэ больш даведацца пра нашу багатую сваёй гісторыяй краіну.