У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Дзяржаўная палітыка ў сферы гісторыі: праблемы і перспектывы захавання гістарычнай праўды і памяці»

14 верасня 2023 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Дзяржаўная палітыка ў сферы гісторыі: праблемы і перспектывы захавання гістарычнай праўды і памяці».

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Перад пачаткам працы канферэнцыі яе ўдзельнікі змаглі азнаёміцца з банэрнай выставай «Без тэрміна даўнасці», выставай архіўных дакументаў, якія адлюстроўваюць важныя гістарычныя падзеі гісторыі Беларусі, у тым ліку станаўленне беларускай дзяржаўнасці, асновы канстытуцыйнага ладу і выбарчай сістэмы (з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў), экспазіцыяй выданняў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь па гісторыка-патрыятычнай тэматыцы.

Работу канферэнцыі адкрыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.П.Сяргеенка, які зачытаў прывітанне Кіраўніка дзяржавам удзельнікам мерапрыемства.

У пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.П.Сяргеенка, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь В.В.Даніловіч, Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь А.К.Стук, Генеральны дырэктар дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» В.Ф.Гігін, дырэктар дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» М.Л.Мыслівец, рэктар установы адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова» Д.У.Дук.

У рабоце секцыі № 1 канферэнцыі «Навукова-тэарэтычнае забеспячэнне рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь», якая праводзілася пад кіраўніцтвам акадэміка-сакратара гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.А.Кавалені, прынялі ўдзел дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве А.Л.Воінаў, дырэктар дзяржаўнай установы «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» А.К.Дземянюк, дырэктар дзяржаўнай установы «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі» М.М.Глушакоў, дырэктар дзяржаўнай установы «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна» Т.Ю.Афанасьева, дырэктар установы «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» А.М.Ганчар.

У ходзе работы секцыі з дакладамі выступілі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А.Л.Воінаў і дырэктар дзяржаўнай установы «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» А.К.Дземянюк.

У сваім дакладзе «Архівы – інстытут нацыянальнай памяці Беларусі» А.Л.Воінаў адзначыў, што ў сённяшнім свеце роля і значэнне архіваў няўхільна ўзрастае. Айчынныя архівы набываюць статус інстытутаў нацыянальнай памяці дзяржавы.

У працы архіваў усё больш на першы план выходзіць задача давесці да нашых грамадзян, грамадскасці ў цэлым, гістарычную праўду па гісторыі Беларусі ў дачыненні да розных храналагічных перыядаў.

Абапіраючыся на сваю агульную стратэгію – даць максімальную магчымасць выдаленага доступу да архіўных дакументаў, дзяржаўныя архіўныя ўстановы прыходзяць у розныя грамадскія групы праз рэалізацыю выставачных і публікацыйных праектаў, праз радыё, тэлебачанне, сусветную сетку Інтэрнэт.

Сярод новых форм дзейнасці дзяржаўных архіўных устаноў вылучаюцца:

– рэспубліканская акцыя «Архівы-Школе» і пілотны праект «Юны архівіст»;
галіновы віртуальны праект «Гарады Беларусі»;
– праекты «Біяграфія маёй краіны» і «Адкрыты кінаархіў», рэалізаваныя Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.

Сярод публікацыйных праектаў былі адзначаны шматтомнае выданне «Без тэрміна даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны» і сумеснае з Беларускім тэлеграфным агенцтвам выданне «Архівы. Нічога, акрамя праўды».

Да ўдзельнікаў канферэнцыі было даведзена, што напярэдадні дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь Дня народнага адзінства адбудзецца прэзентацыя інтэрнет-сайта «Дакументальны летапіс Беларусі» (даменнае імя www.letopis.by).

Асноўнымі функцыямі інтэрнет-сайта з’яўляецца прадастаўленне і пошук тэматычнай інфармацыі (палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё краіны, пачынаючы з 1919 года па цяперашні час). Гістарычная накіраванасць матэрыялаў сайта адпавядае асноўным этапам працэсу станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці.

Дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводству было адзначана, што ўсе падыходы, якія прымяняюцца архівамі, павінны мець комплексны характар для далейшай папулярызацыі архіўнай спадчыны, пашырэння доступу да архіўных дакументаў, данясення аб’ектыўнай інфармацыі нашай гісторыі.

У дакладзе «Выдавецкая дзейнасць Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь – важны напрамак у рабоце па захаванню гістарычнай праўды і памяці» А.К.Дземянюк расказаў аб рабоце архіва па рэалізацыі публікацыйных праектаў, адзначыў высокі і ўзаемавыгадны ўзровень супрацоўніцтва з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусь, а таксама з расійскімі калегамі, спыніўся на той ролі, якую адыгрывае выдавецкая прадукцыя архіва ў патрыятычным выхаванні моладзі, а таксама пры фармаванні і развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Па выніках работы канферэнцыі быў прыняты праект рэзалюцыі, у якой у тым ліку было падкрэслена, што сфарміраваць у грамадстве імунітэт супраць спроб скажэння і фальсіфікацыі гістарычнага мінулага можна толькі праз мэтанакіраваную сістэмную работу і ўзаемадзеянне сям’і, устаноў адукацыі, дзяржаўных органаў, архіўных устаноў, навуковых і грамадскіх арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі па захаванні і трансляцыі аб’ектыўных гістарычных ведаў.