Правядзенне акцыі «Архівы— школе» у НДЦ «Зубраня»

18 ліпеня 2023 года ў рамках акцыі «Архівы — школе» у НДЦ «Зубраня» адбылася сустрэча супрацоўнікаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) з удзельнікамі рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу лідэраў школьнага самакіравання «Дакажам справай, што не дарма на нас спадзяецца краіна».

Намеснік дырэктара НАРБ А.А. Стуканава расказала дзецям аб структуры архіўнай галіны Беларусі, а таксама падрабязна спынілася на складзе фондаў, якія захоўваюцца ў НАРБ, і агульнадаступных электронных рэсурсах (праектах, базах дадзеных). Акцэнт ў выступленні быў зроблены на важнасці захавання гістарычнай Памяці і яе аб’ектыўнай трансляцыі ў грамадства.

Загадчык аддзела публікацый НАРБ, к.г.н. С.В. Кулінок расказаў аб гісторыі партызанскай барацьбы на акупаванай тэрыторыі Беларусі праз прызму архіўных крыніц.

На працягу некалькіх дзён удзельнікі трэцяй летняй змены лагера «Зубраня» таксама знаёміліся з банернымі выставамі «Без тэрміну даўнасці. Беларусь» і «Хатынь — святыня нацыянальнай памяці», прадстаўленымі НАРБ.

У рамках сустрэчы адбылася прэзентацыя навукова-папулярнага выдання «Архівы. Нічога, акрамя праўды». Гэта сумесны праект Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА. Выданне было перададзена ў падарунак у фонд бібліятэкі НДЦ «Зубраня».

 

Супрацоўнікі НАРБ А.А. Стуканава і С.В. Кулінок з удзельнікамі сустрэчы ў НДЦ «Зубраня»
Выступленне С.В. Кулінка
Выступленне А.А. Стуканавай
Удзельнікі трэцяй летняй змены НДЦ «Зубраня»
Удзельнікі трэцяй летняй змены НДЦ «Зубраня» разглядаюць банерную выставу «Хатынь — святыня нацыянальнай памяці»