«А жыць так хацелася…» (да дня Усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны)
«А жыць так хацелася – хоць як-небудзь у сцюжы, голадзе, страху, хоць у такім жудасным пекле, якім была вайна, – усё роўна хацелася жыць», – пісаў у аповесці «Жураўліны крык» В.У. Быкаў.
22 чэрвеня 2023 года – у 82-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны – споўнілася 20 гадоў з дня смерці Народнага пісьменніка Беларусі і ветэрана – Васіля Уладзіміравіча Быкава. У гэты дзень калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва вырашыў праз ушанаванне памяці сваіх фондаўтваральнікаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, узгадаць усіх, хто са зброяй у руках адстойваў права жыць для сябе і іншых.
Кветкі ўсклаліся на магілы:
– Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Уладзіміравіча Быкава (параненага падчас Кіраваградскай аперацыі, удзельніка аперацый па вызваленні Украіны, Румыніі, Балгарыі і інш.), які ўсё жыццё дыхаў вайной і пісаў пра яе ў сваіх творах (аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання», «Знак бяды», «Сотнікаў» і інш.),
– пісьменніка, тэатральнага крытыка і літаратуразнацы Уладзіміра Барысавіча Карпава (падпольшчыка і партызана, узнагароджанага Ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За баявыя заслугі»), аўтара вядомых кожнаму апавяданняў з кнігі «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976), а ў прыватнасці – твора «Нямігі крывавыя берагі» (1962),
– Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, паэта і празаіка Максіма Лужаніна (сапраўднае – А.А. Каратай) (пасля ўдзелу ў баявых дзеяннях з 1944 г. змагаўся з праціўнікам з дапамогай пяра ў часопісе «Вожык» і газеце «Звязда»), які апісаў ваенны час у кнізе «Шырокае поле вайны» (1945),
– Народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа (двойчы параненага пад Растовам-на-Доне), які пакінуў дзённікавыя запісы за 1941–1942 гг. (часткова ўвайшлі ў «Першую кнігу» (1977), напісаў раман «Мінскі напрамак» (1947–1953),
– Народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна (удзельніка Вісла-Одэрскай і Берлінскай наступальных аперацый) – аўтара рамана пра вайну «Глыбокая плынь» (1996), зборніка «Трывожнае шчасце: аповесці» (2008).
Дзякуючы ім у кожнага з нас з’явіўся шанец на жыццё і памяць.