1 чэрвеня 2023 г. у 15.00 у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (вул. Крапоткіна, 55, канферэнц-зала, аўдыторыя 29) адбудзецца прэзентацыя выдання «Минская женская гимназия: фотографические материалы»

Кніга з’яўляецца другім з серыі зборнікаў, які змяшчае фатаграфічныя матэрыялы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. У выданні прадстаўлена 443 фотаздымка вучаніц Мінскай жаночай гімназіі (1899–1920 гг.), а таксама іншых асоб, якія апынуліся ў розны час пры розных абставінах у яе фондзе. Кожны фотадакумент суправаджаецца анатацыяй, у якой указваюцца пошукавыя дадзеныя, фармат, кароткія біяграфічныя звесткі аб сфатаграфаванай асобе, памеры фотадакумента, змест інскрыпцый, загаловак дакумента, да якога непасрэдна прыкладаецца фотаздымак, і яго пошукавыя дадзеныя, месца стварэння з указаннем назвы фотаатэлье (калі такое мелася), яго уладальніка і назвы населенага пункта, дзе яно размяшчалася. Прадстаўленыя фотаздымкі былі выраблены у фотаатэлье, якія працавалі на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі.

Выданне прызначаецца для самага шырокага кола чытачоў – прафесійных даследчыкаў, генеалагаў, аматараў гісторыі фатаграфіі, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі канца XIX – пачатку ХХ ст.

Да мерапрыемства падрыхтавана выстава цікавых архіўных дакументаў, што тычацца Мінскай жаночай гімназіі.

Кантактныя асобы:

Макараў Максім Дзмітрыевіч, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі – (017) 317 75 23.

Матвейчык Дзмітрый Часлававіч, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці – (017) 392 64 58.