Дзяржархіву Віцебскай вобласці выказана падзяка за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мерапрыемства – вечара-партрэта «Гады былі пражыты сумленна і недарэмна», прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча, ганаровага грамадзяніна г. Віцебска Сяргея Міхайлавіча Шабашова, і за забеспячэнне захаванасці асабістага фонду Шабашова С.М.
Сяргей Міхайлавіч Шабашоў нарадзіўся 1 мая 1923 года ў в. Драгуны Лёзненскага раёна. У 1940 г. скончыў Лёзненскую ўзорную сярэднюю беларускую школу. Стаў студэнтам Віцебскага медыцынскага інстытута.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у партызанскі атрад “Марак” брыгады “Аляксея” і прайшоў шлях ад радавога партызана да намесніка камісара партызанскага атрада.
Пасля заканчэння вайны працаваў першым сакратаром Лёзненскага і Віцебскага райкамаў ЛКСМБ. З 1956 года займаў адказныя пасады – першага сакратара Кастрычніцкага райкама КПБ г. Віцебска, Езярышчанскага, Кобрынскага райкамаў КПБ. З 1965 года працаваў сакратаром Брэсцкага абкама КПБ, загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ.
Вяртанне ў г.Віцебск адбылося ў 1971 годзе. Узначаліў абласную партыйную арганізацыю. Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны навучальныя карпусы медінстытута і педінстытута, гасцініца “Віцебск”, плошча Перамогі, масты праз Заходнюю Дзвіну і Віцьбу, рэканструяваны вуліца Леніна і Маскоўскі праспект, пачата будаўніцтва абласной бальніцы, адкрыты тралейбусныя лініі. Выраслі гіганты нафтахіміі ў Наваполацку, буйныя прадпрыемствы радыёэлектронікі ў Віцебску. Сяргей Міхайлавіч абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1971-1975). У 1990 г. С.М. Шабашоў быў абраны народным дэпутатам БССР.
Памёр Сяргей Міхайлавіч Шабашоў 12 красавіка 2007 года.
Ва ўстанове “Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці” захоўваецца асабісты фонд Шабашова С.М. (ф.10894-п). У фондзе ёсць 60 спраў за 1944 – 1995 гг.: дакументы службовай, дзяржаўнай, грамадскай дзейнасці (тэксты дакладаў, выступленняў на навукова-тэарытычных і практычных канферэнцыях, сесіях Вярхоўнага Савета БССР, рэспубліканскіх семінарах; тэксты артыкулаў, інтэрв’ю ў газетах і часопісах; мандаты дэлегата з’ездаў КПСС і КПБ; ганаровыя і падзячныя граматы; віншавальныя адрасы партыйных, савецкіх, камсамольскіх органаў, прадпрыемстваў, устаноў, воінскіх часцей; ксеракопіі Ганаровых Грамат Вярхоўнага Савета БССР, працоўнай кніжкі, ваеннага білета, пасведчанняў); фотаматэрыялы.
4 мая 2023 года ў Дзяржаўнай установе “Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна” адбыўся вечар-партрэт “Гады былі пражыты сумленна і недарэмна”, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння дзяржаўнага дзеяча, ганаровага грамадзяніна г. Віцебска Сяргея Міхайлавіча Шабашова.
На мерапрыемстве выступіла загадчыца аддзела Дзяржархіва Віцебскай вобласці Бондарава Алена Міхайлаўна.
Віцебская абласная арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў выказала падзяку Дзяржархіву Віцебскай вобласці за ўдзел у падрыхтоўцы мерапрыемства і за забеспячэнне захаванасці асабістага фонду Шабашова С.М.
![]() |
1. Шабашоў Сяргей Міхайлавіч (1923 – 2007) |
![]() |
2. Выступае Бандарава А.М., загадчык аддзела Дзяржархіва Віцебскай вобласці |
![]() |
3. У зале падчас мерапрыемства |
![]() |
4. Падзяка Дзяржархіву Віцебскай вобласці ад Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў |