Удзел Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Трэціх Кісялёўскіх чытаннях

20 красавіка 2023 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Трэція Кісялёўскія чытанні «На раздарожжы: рознаскіраваныя дыскурсы ў беларускай літаратуры ХІХ–ХХ стст.», прымеркаваная да 225-годдзя Адама Міцкевіча, 215-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і 200-годдзя Уладзіслава Сыракомлі.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прадстаўляў вядучы навуковы супрацоўнік Віктар Жыбуль, які выступіў з дакладам «Асоба і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў літаратуразнаўчым асэнсаванні Адама Бабарэкі». Частка прац А. Бабарэкі, акрэсленых у дакладзе, стала вядомай дзякуючы выданню яго збору твораў, здзейсненага пераважна на аснове архіўных дакументаў фонду № 407.