Дакументальная выстава «Права. Закон. Справядлівасць» да 100-годдзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь

14 красавіка 2023 года ў Палацы Рэспублікі адкрылася дакументальная выстава, прысвечаная 100-годдзю Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны Суд Беларускай ССР быў створаны ў адпаведнасці з Палажэннем аб судаўладкаванні, прынятым II сесіяй ЦВК БССР чацвёртага склікання 30 сакавіка 1923 г. і ўведзеным у дзеянне з 15 красавіка 1923 г. Наркам унутраных спраў БССР Пракоп Малаковіч стаў таксама першым старшынёй Вярхоўнага Суда.

Вярхоўны Суд складаўся з Пленума, Прэзідыума, касацыйных калегій па крымінальных і грамадзянскіх справах.

Гісторыя Вярхоўнага Суда Беларусі непарыўна звязана з агульнай гісторыяй развіцця беларускай дзяржаўнасці і ўсяго нацыянальнага правасуддзя, паколькі менавіта вышэйшы судовы орган нашай краіны ўнёс значны ўклад у фарміраванне судовай сістэмы і станаўленне судовай галіны дзяржаўнай улады.

Вярхоўны Суд узначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і з’яўляецца вышэйшым судовым органам, які ажыццяўляе правасуддзе з дапамогай грамадзянскага, крымінальнага і іншых формаў судаводства, прадугледжаных заканадаўствам.

Найноўшая гісторыя Вярхоўнага Суда – гэта перыяд сістэмных пераўтварэнняў, фарміравання прынцыпаў правасуддзя, абнаўлення нарматыўнай прававой базы і стварэння нацыянальнай мадэлі судовай улады беларускай дзяржавы. У гэты найскладанейшы перыяд Вярхоўны Суд не толькі ўзяў на сябе ролю лідара ў правядзенні судовай рэформы, але і здолеў заняць годнае месца ў прававой і палітычнай сістэме Рэспублікі Беларусь.

У фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь захоўваюцца арыгінальныя дакументальныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць гісторыю Вярхоўнага Суда. Найбольшае навуковае значэнне і цікавасць маюць Палажэнне аб судаўладкаванні БССР, звесткі аб паўнамоцтвах, штатах і асабістым складзе Вярхоўнага Суда, узоры гербавых пячатак і штампаў, дакументы аб прызначэнні старшыняў Вярхоўнага Суда, указы аб узнагароджанні і інш. дакументы. З гэтымі унікальнымі дакументамі змаглі азнаёміцца шматлікія госці на ўрачыстым мерапрыемстве ў Палацы Рэспублікі.