Сустрэча з суддзёй Канстытуцыйнага Суда ў Нацыянальным архіве
5 красавіка 2023 г. у Дзяржаўнай установе «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» адбылася сустрэча калектыва працаўнікоў архіва з Суддзёй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Варановічам Тадэвушам Валянцінавічам. У ходзе сустрэчы работнікі архіва азнаёміліся з Пасланнем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь». У сваім выступленні Варановіч Т.В. расказаў аб асноўных задачах і паўнамоцтвах Канстытуцыйнага Суда. Ён адзначыў, што Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве праз канстытуцыйнае судаводства ў мэтах абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда, Савета Міністраў дае заключэнні аб тлумачэнні Канстытуцыі; аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, указаў Прэзідэнта, пастаноў Савета Міністраў, нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў.
Тадэвуш Валянцінавіч у сваім выступленні спыніўся на структуры самога Паслання, якое складаецца з 5 раздзелаў. У першым раздзеле дадзены аналіз канстытуцыйнага развіцця ў сучасных умовах у сувязі з прыняццем на рэспубліканскім рэферэндуме змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі нашай краіны. У другім раздзеле аналізуецца роля канстытуцыяналізацыі права ва ўмацаванні канстытуцыйнага правапарадку і забеспячэнні канстытуцыйнай бяспекі. У трэцім раздзеле дадзены аналіз выніку дзейнасці Канстытуцыйнага Суда па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых парламентам да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У чацвёртым раздзеле выкладзена інфармацыя аб новых паўнамоцтвах Канстытуцыйнага Суда і развіцці форм канстытуцыйнага правасуддзя. У пятым раздзеле прадстаўлена інфармацыя аб выкананні рашэнняў і прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда.
У завяршэнні Варановіч Т.В. адзначыў, што Канстытуцыя мае вялікі рэгулятарны патэнцыял, і неабходна, каб стваральная дзейнасць дзяржаўных органаў, службовых асоб, інстытутаў грамадзянскай супольнасці, нашых грамадзян была накіравана на дасягненне мэт, вызначаных у прэамбуле Канстытуцыі: забеспячэнне міру і грамадзянскай згоды, незалежнасці і працвітання Рэспублікі Беларусь.
У ходзе наведвання Нацыянальнага архіва Тадэвуш Валянцінавіч азнаёміўся з работай архіва, публікацыйнай, выставачнай дзейнасцю і наведаў адно з архівасховішчаў.