Сацыяльна-эканамічнае становішча Магілёва ў дакументах абмеркавання Канстытуцыі 1936 года

15 сакавіка ў Рэспубліцы Беларусь штогод адзначаецца Дзень Канстытуцыі. Гэта значная дата, як для дзяржавы ў цэлым, так і для кожнага грамадзяніна.

Канстытуцыя, як асноўны закон дзяржавы вызначае яго прававыя і палітычныя асаблівасці, задае вектар далейшага развіцця грамадства.

Перадумовамі для Канстытуцыі суверэннай Беларусі стала і нацыянальна-прававое будаўніцтва БССР. У якасці прыкладу ўстанова “Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці” прадстаўляе ўрыўкі з вынікаў абмеркавання Канстытуцыі 1936 года, якія змяшчаюць інфармацыю аб развіцці розных сфер гарадскога жыцця да гэтага часу.

У Магілёве налічвалася 40 розных прадпрыемстваў, сярод іх фабрыка штучнага валакна, аўтарэмзавод, кожзавод, завод ім. Дзімітрава і іншыя. У сельскай гаспадарцы на тэрыторыі Магілёўскага раёна працавала 136 трактароў. На кожны двор калгасніка прыпадала 6 гектараў ворнай зямлі.

У горадзе дзейнічала адна вышэйшая навучальная ўстанова, 3 рабфака, 9 сярэдніх школ. Усяго па горадзе і раёне ў навучальных установах навучалася 33 958 чалавек. У Магілёве мелася 3 бібліятэкі з 48 475 тамамі кніг, Цырк, кінатэатр, тэатр.

Медыцынскія ўстановы горада ўключалі 520 ложкаў, якія абслугоўваліся 28 лекарамі і 80 медсёстрамі. Дзейнічала 2 аўтамашыны службы хуткай медыцынскай дапамогі. Будучых медыцынскіх работнікаў рыхтавала фельчарская школа, дзе навучалася 160 вучняў, і медтэхнікум з 1 200 навучэнцаў.

Падобныя дакументальныя матэрыялы адлюстроўваюць не толькі развіццё палітычнай сістэмы, але і рэгіянальную сацыяльна-эканамічную сітуацыю.