Аб адкрыцці выставы да Дня Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

23 лютага у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстаўка, падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і прымеркаваная да гэтай памятнай даты.

Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — дзяржаўнае свята, якое мае сваю гісторыю.

23 лютага 1918 года атрады Чырвонай Арміі атрымалі свае першыя перамогі пад Псковам і Нарвай над рэгулярнымі войскамі кайзераўскай Германіі. Гэтыя першыя перамогі і сталі днём нараджэння Чырвонай Арміі. У 1922 годзе гэтая дата была афіцыйна аб’яўлена Днём Чырвонай Арміі. З 1946 года свята стала называцца Днём Савецкай Арміі і Ваенна–Марскога флоту.

Па ўказе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 свята, якое адзначаецца 23 лютага, атрымала назву Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У выставачным праекце, прымеркаваным да Дня Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прадстаўлены дакументы з архіўнага фонду «Калекцыя ўлётак, сцянных газет і плакатаў партыйных, камсамольскіх і антыфашысцкіх арганізацый і партызан Беларусі за гады Вялікай Айчыннай вайны». Гэта калекцыя ўлётак, а таксама баявых лісткоў партызанскіх атрадаў і брыгад, сцянныя газеты і плакаты партыйных, камсамольскіх і антыфашысцкіх арганізацый, створаных ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экспанаты, прадстаўленыя на выставе, унікальныя. Вялікую цікавасць ва ўсіх наведвальнікаў выставы выклікаў загад па кіраванні Наркамваендзела БССР і па гарнізону г. Мінска, якім зацверджана Праграма святкавання трэцяй гадавіны Чырвонай Арміі ад 23 лютага 1921 года, а таксама Пратакол пасяджэння Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага камітэта саветаў ССР Беларусі аб прывядзенні чырвонаармейскіх часцей да ўрачыстай прысягі ў дзень пяцігадовай гадавіны Чырвонай Арміі ад 22 лютага 1923 года. Прадметны шэраг прадстаўлены сапраўднымі вайсковымі ўзнагародамі, знакамі адрознення, якія існавалі ў войсках з пачатку XX ст. да цяперашняга часу.

На выставе ўпершыню прадстаўлены выданні газетнай калекцыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь: «Звязда» ад 23 лютага 1919 г., «Чырвоная зорка» ад 23 лютага 1941 г., «Савецкая Беларусь» ад 23 лютага 1942 г., «Раздавім фашысцкую гадзіну» ад 23 лютага 1943-44 гг.