Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва наведалі слухачы Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ

15 лютага 2023 года супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў межах рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», арганізаванай Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, падзяліліся сваім вопытам са слухачамі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў» – работнікамі музейных устаноў.

Спецыялісты архіва-музея распавялі аб асаблівасцях работы з дакументамі асабістага паходжання, азнаёмілі з працай чытальнай залы. На прыкладзе тэматычных выстаў «Чалавек палымянага сэрца» (да 120-годдзя рэжысёра Любові Мазалеўскай) і «…З ідэяй захаваць ад знішчэння…» (да 100-годдзя дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі) архівісты распавялі аб асаблівасцях арганізацыі выкарыстання дакументаў асабістага паходжання. Спецыялістаў з музеяў зацікавілі пытанні наяўнасці ў архіве музейнага фонду і шырыні яго выкарыстання. Архівістамі і музейнымі работнікамі былі абмеркаваны магчымыя сумесныя праекты ў Год міру і стварэння.