Аб адкрыцці ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь дакументальнай выставы ” Мы, беларусы-мірныя людзі…»
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адкрылася дакументальная выстава «Мы, беларусы – мірныя людзі…», падрыхтаваная да года міру і стварэння.
«Мы, беларусы – мірныя людзі…» лаканічныя і глыбокія па мудрасці, сэнсе і змесце словы аднаго з найважнейшых сімвалаў нашай дзяржаўнасці – Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Афіцыйныя візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўрадавых дэлегацый Беларусі, перамогі нашых спартсменаў на Алімпійскіх гульнях і міжнародных спартыўных спаборніцтвах, сустрэчы дэлегацый і кіраўнікоў замежных дзяржаў, якія наведваюць нашу краіну, нашы дзяржаўныя святы пачынаюцца з велічных і ўрачыстых слоў – «Мы, беларусы – мірныя людзі…». Шматвяковая гісторыя нашага народа пацвярджае мудрасць і глыбіню гэтых слоў. У архіўным фондзе «Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі бальшавікоў» захоўваецца тэкст гімна Савецкай Беларусі, стэнаграма пратакола пасяджэння журы па разглядзе прадстаўленых на конкурс тэкстаў беларускага гімна ад 5 мая 1944 года, Справаздача работы журы па стварэнні Дзяржаўнага гімна БССР.
Спакон веку наш шматнацыянальны народ: беларусы, рускія, яўрэі, палякі, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў жылі ў міры і згодзе. Разам дзялілі і радасць, і гора, разам ганарыліся сваімі перамогамі, поспехамі і дасягненнямі, разам пераадольвалі цяжкасці і нягоды, разам будавалі нашу родную для ўсіх Беларусь, разам дзялілі прытулак і хлеб з нашымі суседзямі і радаваліся іх поспехам і дасягненням. Ніколі з тэрыторыі Беларусі і ад нашага народа не зыходзіла агрэсія, гвалт, варожасць і войны.
Беларускі народ, які перажыў усе жахі і трагедыю Вялікай Айчыннай вайны, і ўнёс неацэнны ўклад у Перамогу савецкага народа, у першыя пасляваенныя гады стаў адным з актыўных удзельнікаў сусветнага руху за Мір. Голас беларусаў у падтрымку міру і згоды паміж рознымі краінамі, нягледзячы на розныя грамадска-палітычныя сістэмы і дзяржавы, аўтарытэтна, важка і на ўвесь свет гучаў з трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Дакументы, прадстаўленыя на выставе, паказваюць, як у 1945 годзе дэлегацыя БССР у ААН унесла на разгляд Генеральнай Асамблеі ААН рэзалюцыю, якая асуджае злачынствы фашызму не толькі супраць беларускага народа, але і супраць усіх пацярпелых ад вайны народаў. І гэты голас быў пачуты. Усе дзяржавы – члены ААН аднагалосна прынялі і падтрымалі прапанову нашай рэспублікі.
Памяць пра вайну і імкненне да міру асабліва праявіліся ў міратворчай дзейнасці Рэспублікі. У 1951 годзе БССР падпісала зварот Сусветнага Савета Міру аб заключэнні Пакта Міру. Беларусы, якія перажылі вайну, як ніхто іншы памяталі і не жадалі паўтарэння ўсіх яе жахаў.
Упершыню на выставе прадстаўлены дакументы з архіўнага фонду «Беларускі фонд міру». Гэта пратаколы пасяджэнняў Беларускага рэспубліканскага камітэта абаронцаў міру, стэнаграмы пленумаў Беларускага рэспубліканскага камітэта абаронцаў міру, мерапрыемствы сусветнай антываеннай акцыі «Хваля міру», «Тыдзень міру», дакументы аб удзеле беларускіх прыхільнікаў міру ў міжнароднай лёгкаатлетычнай эстафеце «Наступны крок» – Масква-Амстэрдам, выступы вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва нашай краіны ў абарону міру – народнага мастака, сябра Савецкага камітэта абаронцаў міру. М.Савіцкага, а таксама П.Панчанкі і М.Лынькова, якія ў розныя гады ўзначальвалі Беларускі рэспубліканскі камітэт абаронцаў міру.
На выставе прадстаўлены дакументы (фатаграфіі, пасведчанні, Статут ААН) з фондаў асабістага паходжання:
Ягорава Марата Фёдаравіча – грамадскага дзеяча, старшыні Беларускага Фонду міру, прэзідэнта міжнароднай гуманітарнай няўрадавай арганізацыі «Чарнобыль-дапамога», віцэ-прэзідэнта Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, заслужанага работніка культуры БССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны;
Кісялёва Кузьмы Венядзіктавіча – дыпламата, дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, старшыні Савета Народных Камісараў БССР, міністра замежных спраў БССР, кандыдата медыцынскіх навук.
У асобнай вітрыне на выставе прадстаўлены малюнкі дзяцей работнікаў архіва на тэму: «Мір вачыма дзяцей».
Мы – архівісты, памятаем і захоўваем памяць пра тых, хто змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на нашай зямлі, хто не кланяўся кулям, хто не «шкадуючы жывата свайго», паклаў свае жыцці на святы алтар Перамогі, хто адстойваў права на незалежнасць, на свабоду і на мірную стваральную працу. Памяць пра герояў-партызанаў і падпольшчыкаў прадстаўлена асабістымі справамі Герояў Савецкага Саюза і партрэтамі партызан і падпольшчыкаў Беларускага штаба партызанскага руху. Арганізаваная выстава-гэта нізкі паклон і ўдзячнасць нашчадкаў усім тым, хто змагаўся ў 1941-1944 гг.за цяперашнюю, мірную і квітнеючую Рэспубліку Беларусь.
Абвешчаны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам 2023 год-годам міру і стварэння гэта працяг лепшых традыцый, мудрасці і дасягненняў нашай шматвяковай гісторыі і нашага народа. Толькі мір дае магчымасць дасягнуць росквіту і дабрабыту для нашай дзяржавы і ўсіх краін без выключэння. Прыклад нашай краіны, якая заклікае да міру, павінен быць пачуты не толькі нашымі суседзямі, але і ўсім цывілізаваным грамадствам.
З выставай можна азнаёміцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь да 15 сакавіка.