Выязныя заняткі магістрантаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на базе Нацыянальнага архіва

25 лістапада 2022 года на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь прайшлі выязныя заняткі магістрантаў спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне» прафілізацыі «Электронны ўрад» Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

З прывітальным словам перад гасцямі выступіў дырэктар архіва А.К.Дземянюк. У сваім выступленні Андрэй Канстанцінавіч расказаў аб сістэме дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь і ролі Нацыянальнага архіва ў захаванні дакументальнай спадчыны краіны. Кіраўнік архіва прадставіў 6-томны зборнік дакументаў і матэрыялаў «Без тэрміна даўнасці. Беларусь: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Намеснік дырэктара архіва Стуканава А.А. расказала гасцям аб асноўных напрамках дзейнасці Нацыянальнага архіва, супрацоўніцтве з дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі – крыніцамі камплектавання. У ходзе гутаркі абмеркавалі пытанні аблічбоўкі архіўных дакументаў, а таксама прыёму на пастаяннае захоўванне электронных дакументаў.

Завяршыўся занятак экскурсіяй па архіве, падчас якой магістранты змаглі пабываць у сховішчы і пазнаёміцца з дакументамі даваеннага і ваеннага перыядаў, убачылі, як захоўваюцца эталоны Дзяржаўнага герба і флага Рэспублікі Беларусь.