26 кастрычніка 2022 г. дырэктар установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» Сушчэвіч А.М. прыняў удзел у Міжнародна-практычнай канферэнцыі «Генацыд савецкага народа. План рэйха. Жорсткія ўрокі гісторыі»

26 кастрычніка 2022 г. дырэктар установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» Сушчэвіч Андрэй Мікалаевіч прыняў удзел анлайн у Міжнародна-практычнай канферэнцыі «Генацыд савецкага народа. План рэйха. Жорсткія ўрокі гісторыі», якая праводзілася ў г. Бранску ў мэтах данясення гістарычнай праўды аб вайне, аб’яднання намаганняў органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання з інстытутамі грамадзянскай супольнасці, гісторыкамі, краязнаўцамі, архівістамі, юрыстамі, удзельнікамі Пошукавага руху Расіі і прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі ў даследаванні тэмы генацыду народаў Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.

На канферэнцыі з дакладамі і паведамленнямі выступілі каля ста экспертаў – спецыялістаў па ваеннай гісторыі, архівазнаўстве, музейнай дзейнасці, краязнаўстве, кіраўнікі і ўдзельнікі пошукавых атрадаў, педагогі і настаўнікі гісторыі, а таксама спецыялісты вядучых адукацыйных арганізацый і ўстаноў культуры і студэнты з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі: Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Бранска, Варонежа, Валгаграда, Пскова, Петразаводска, Ліпецка, Тулы, Белгарада, Арла, Курска, Севастопаля, Калугі, Наварасійска, Выбарга, а таксама Мінска, Брэста, Магілёва, Гомеля (Рэспубліка Беларусь), Варшавы (Польшча).

Дырэктар Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Сушчэвіч А.Н. выступіў з дакладам на круглым стале: «Фальсіфікацыя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гадоў. Злачынствы нацыстаў па дакументах федэральных і дзяржаўных архіваў». Даклад суправаджаўся віртуальнай выставай дакументаў па дадзенай тэматыцы.

Спецыялісты і эксперты падзяліліся вопытам сумеснай работы пошукавых атрадаў, архівістаў, прадстаўнікоў сілавых структур у падрыхтоўцы дакументаў і матэрыялаў па выніках пошукавых работ, а таксама сведчанняў малалетніх вязняў для ўзбуджэння разгляду ў судзе і прызнанні генацыдам злачынстваў супраць грамадзянскага насельніцтва на акупаваных нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыях СССР.

Арганізатары канферэнцыі – Урад Бранскай вобласці сумесна з Бранскім філіялам РАНХіГС пры падтрымцы КАД «Пошукавы рух Расіі», Расійскага ваенна – гістарычнага таварыства, агульнарасійскай грамадска-дзяржаўнай асветніцкай арганізацыі «Расійскае таварыства «Веды» і рэгіянальнага аддзялення «Расійскі рух школьнікаў».

Усяго ў мерапрыемствах канферэнцыі прынялі ўдзел больш за тысячу спецыялістаў з Бранскай вобласці.