Аб правядзенні Дня адчыненых дзвярэй, прымеркаванага да 100-годдзя архіўнай службы Беларусі, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна

У дзень 100-годдзя архіўнай службы Беларусі, 12 верасня 2022 года, у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне праведзены Дзень адчыненых дзвярэй. У гэты дзень архіў наведалі навучэнцы 9-11 класаў сярэдніх школ, гімназій г. Гродна, студэнты 3 курса юрыдычнага факультэта ГрДУ ім. Я.Купалы.

Госці азнаёміліся з гісторыяй стварэння архіўнай службы, асноўнымі напрамкамі дзейнасці архіва, зместам некаторых сапраўдных дакументаў па гісторыі Гродзенскай губерніі. У выставачнай зале былі прадэманстраваны выставы, створаныя па архіўных дакументах. Для наведвальнікаў прадставілася магчымасць азнаёміцца з тэхнікай пісьма пяром і чарнілам. Яны з вялізным задавальненнем асвойвалі мастацтва каліграфічнага пісьма.

У лабараторыі па аблічбоўцы дакументаў назіралі за працэсам сканіравання архіўных дакументаў, у архівасховішчах даведаліся аб рэжыме і ўмовах захоўвання дакументаў, а ў лабараторыі спецыяльнай апрацоўкі архіўных дакументаў азнаёміліся з працэсам рэстаўрацыі дакументаў.

На працягу ўсяго дня дырэктар архіва праводзіла для наведвальнікаў індывідуальныя кансультацыі па вывучэнні гісторыі свайго роду.

Госці былі ўражаны асноўнымі напрамкамі дзейнасці архіва і здзіўлены карпатлівай работай супрацоўнікаў па аблічбоўцы, рэстаўрацыі і захаванні дакументальных матэрыялаў архіва.

У Кнігу заўваг і прапаноў быў унесены запіс аб падзяцы за цікава праведзеную экскурсію па архіве.

У гэты дзень усім наведвальнікам былі ўручаны салодкія падарункі.