Кветкі на магілу першага кіраўніка архіўнай службы Беларусі

9 верасня 2022 года ў рамках святкавання 100-годдзя архіўнай службы Беларусі супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці наведалі сімвалічнае месца пахавання Зміцера Жылуновіча (Цішка Гартны) у Пячэрскім лесапарку. Дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР, пісьменнік і гісторык, лёс якого быў звязаны як з архіўнай справай, так і Магілёвам.

Уключыўшыся ў палітычную і літаратурную дзейнасць на пачатку XX стагоддзя, З. Жылуновіч прымаў непасрэдны удзел у першым абвяшчэнні БССР у 1919 годзе, заняўшы пасаду старшыні ўрада.

У студзені 1923 года ён быў прызначаны загадчыкам Цэнтральнага архіва Беларусі, які ў 1927 годзе быў рэарганізаваны ў Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне БССР. У гэты час З. Жылуновічу давялося сумяшчаць адразу некалькі пасад: кіраўніка калегіі Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б, загадчыка Дзяржвыдавецтва, намесніка наркамасветы БССР, старшыні Галоўмастацтва. Нягледзячы на гэта, ён з вялікай адказнасцю падыходзіў да кіраўніцтва архіўнай галіной. На момант яго ўступлення на пасаду архіўная спадчына Беларусі складала ўсяго некалькі дзясяткаў архіўных фондаў. Таму асноўнымі задачамі для яго сталі праца па вяртанні страчаных дакументаў і збіранне новых матэрыялаў. Менавіта па прапанове З. Жылуновіча ў 1925 годзе пры Народным камісарыяце асветы БССР была створана камісія па пошуку ў архівасховішчах беларускіх фондаў. Для захоўвання паступаючых дакументаў за 1917-1922 гады, у Цэнтральным архіве Беларусі па ініцыятыве З. Жылуновіча было арганізавана гісторыка-рэвалюцыйнае аддзяленне.

Зміцер Жылуновіч узначальваў архіўную галіну Беларусі да 1929 года, калі ў БССР пачалася кампанія па барацьбе з так званым “нацыянал-дэмакратызмам”, у час якой яго звольнілі з пасады і выключылі з камуністычнай партыі.

15 лістапада 1936 года ён быў арыштаваны органамі НКУС, а ў сакавіку 1937 года па стане здароў’я змешчаны ў Магілёўскі псіхіятрычны шпіталь, дзе і памёр 11 красавіка 1937 года. Праз 50 гадоў ён быў поўнасцю рэаблітаваны, а ў 1988 годзе адноўлены ў шэрагах камуністычнай партыі.