Да 85-годдзя кампазітара, народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Браніслававіча Смольскага (1937-2017)

Дзмітрый Смольскі нарадзіўся 25 ліпеня 1937 г. у Мінску ў сям’і музыказнаўцы Б. Смольскага. У 1946 г. быў прыняты ў клас фартэпіяна Мінскай музычнай школы-дзесяцігодкі пры Белдзяржкансерваторыі. У 1955 г. паступіў на кампазітарскі факультэт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. У 1956-1960 гг. вучыўся ў Белдзяржкансерваторыі па класе кампазіцыі ў прафесара А. Багатырова. У 1962-2013 гг. – педагог Белдзяржкансерваторыі, а з 1986 г. – прафесар кафедры кампазіцыі. У 1967 г. закончыў аспірантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара М. Пяйко. Член Саюза кампазітараў Беларусі з 1961 г.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1972), Дзяржаўнай прэміі БССР (1980), прэміі “Гонар нацыі” (2012), двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1997, 2012). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1975), народны артыст Беларусі (1987).

Д. Смольскі працаваў у розных жанрах сцэнічнай, вакальна-інструментальнай, аркестравай, камерна-інструментальнай, вакальнай, прыкладной музыкі. Аўтар опер “Сівая легенда” і “Францыск Скарына”, араторый “Песни Хиросимы” і “Мая Радзіма”, вакальна-сімфанічных паэм, 15 сімфоній, урачыстых уверцюр “Да 90-годдзя Я. Купалы” і “Памяці Я. Коласа”, канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам, шматлікіх рамансаў, песень, музыкі для спектакляў і кінафльмаў і інш.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Дзмітрыя Смольскага (№ 287), які прадстаўлены нотнымі рукапісамі, перапіскай, дакументамі да біяграфіі кампазітара і пра яго, калекцыяй фатаграфій на розных мерапрыемствах і сустрэчах.

 

1. Д. Смольскі. 1961 г. БДАМЛМ. Ф. 287. Воп. 1. Адз. зах. 30. Л. 7.
2. Д. Смольскі са сваім настаўнікам – кампазітарам, народным артыстам СССР Я. К. Цікоцкім – у час заняткаў у музычнай школе-дзесяцігодцы пры Белдзяржкансерваторыі. 1950 г. БДАМЛМ. Ф. 287. Воп. 1. Адз. зах. 33. Л. 1.
3. Д. Смольскі. Саната № 2 для фартэпіяна. Партытура. Аўтограф. 1957 г. БДАМЛМ. Ф. 287. Воп. 1. Адз. зах. 4. Лл. 1адв-2.
4. Праграма канцэрта Белдзяржфілармоніі, на якім упершыню выконвалася другая сімфонія Д. Смольскага. 28 снежня 1967 г. БДАМЛМ. Ф. 287. Воп. 1. Адз. зах. 16. Лл. 2адв-3.
5. Д. Смольскі. “Сівая легенда”. Опера. Лібрэта У. Караткевіча. Партытура. Святлакопія. 1978 г. БДАМЛМ. Ф. 287. Воп. 1. Адз. зах. 1. Лл. 1-2.
6. Д. Смольскі. “Песни Хиросимы”. Араторыя для 2-х салістаў, чытальніка і 2-х фартэпіяна. На словы японскіх паэтаў у перакладзе на рускую мову. Клавір. Святлакопія. 1966 г. БДАМЛМ. Ф. 287. Воп. 1. Адз. зах. 5. Лл. 1-3.
7. Афіша аўтарскага канцэрта Д. Смольскага ў зале Мінскага музычнага вучылішча імя М. Глінкі. 15 лютага 1983 г. БДАМЛМ. Ф. 287. Воп. 1. Адз. зах. 23. Л. 2.
8. М. Лісоўскі. Шарж на Д. Смольскага. Папера, туш. 1960-я – 1970-я гг. БДАМЛМ. Ф. 268. Воп. 1. Адз. зах. 22. Л. 9.