21 ліпеня 2022 г. установай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» на базе КУП «Спецкамунтранс» была размешчана выстава пад назвай «Злачынствы нацыстаў і іх памагатых. Гомельская вобласць»

21 ліпеня 2022 г. з мэтай уцягвання работнікаў прадпрыемстваў у вывучэнне архіўных дакументаў аб генацыдзе беларускага народа з боку нямецка-фашысцкіх захопнікаў установай «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» (далей – ГАГом) на базе КУП «Спецкамунтранс» была размешчана выстава пад назвай «Злачынствы нацыстаў і іх памагатых. Гомельская вобласць».

Адкрыў мерапрыемства дырэктар КУП «Спецкамунтранс» Ткачоў Валерый Іванавіч. У сваёй уступнай прамове ён адзначыў, што вельмі важна праводзіць такія сустрэчы, бо яны даюць магчымасць захоўваць гісторыю нашай Рэспублікі.

У мерапрыемстве таксама прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай акрузе №32 Данчанка А.М.

Аляксандр Міхайлавіч у сваёй прамове адзначыў, што мы абавязаны захаваць гераічную спадчыну і праўду аб жыцці беларускага народа. А таксама спыніць спробы абясцэніць гістарычную праўду.

Працоўны калектыў КУП «Спецкамунтранс» азнаёміўся з выставай, падрыхтаванай ГАГом. У аснову выставы леглі дакументы і фатаграфіі, якія адлюстроўваюць палітыку нацыстаў у гады нямецкай акупацыі Гомельскай вобласці.

Акрамя таго, у актавай зале для супрацоўнікаў прадпрыемства былі прадэманстраваны некалькі відэафільмаў, якія адлюстроўваюць палітыку нацыстаў у гады нямецкай акупацыі Гомельшчыны.

У ходзе мерапрыемства, з дакладам выступіў дырэктар ГАГом Сушчэвіч А.М.

Андрэй Мікалаевіч асаблівую ўвагу ўдзяліў фактам генацыду беларускага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Так, зыходзячы з архіўных дакументаў, за гады акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Гомельскай вобласці было расстраляна, павешана і спалена 53630 мірных жыхароў, з іх больш за 3000 дзяцей, 114476 ваеннапалонных салдат. 18745 мірных грамадзян сагнаны ў нямецкае рабства. Таксама дырэктар ГАГом адзначыў, што за кожнай лічбай – лёс чалавека, лёс моцнага пакалення, якое змагло перажыць гэты жах, перамагчы і аднавіць з руін і попелу нашу цудоўную Беларусь.

У канцы мерапрыемства Сушчэвіч А.М. і Данчанка А.М. выказалі вялікую ўдзячнасць і падзяку калектыву КУП «Спецкамунтранс» за праяўленую жывую цікавасць і цёплы прыём.