Аб правядзенні вучэбнай палеаграфічнай практыкі студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ

У перыяд з 4 па 23 ліпеня 2022 г. на базе дзяржаўнай установы «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі» праходзіла вучэбная палеаграфічная практыка студэнтаў 1-га курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта спецыяльнасці 1-23 01 13 «Гісторыка-архівазнаўства». Мэтай практыкі з’яўлялася стварэнне ў студэнтаў цэласнага ўяўлення аб існуючых раней і захаваных комплексах рукапісаў па гісторыі Беларусі перыяду XIV–XVIII стст., палеаграфічных асаблівасцях і знешніх прыкметах дакументаў, а таксама замацаванне ведаў і навыкаў атрыманых у межах вучэбнай дысцыпліны «Спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны. Палеаграфія».

Задачамі практыкі былі:

– знаёмства са складам фондаў НГА Беларусі перыяду XIV–XVIII стст., з фондамі рукапісаў іншых спецыялізаваных устаноў краіны, асаблівасцямі іх уліку, апісання, захоўвання і выкарыстання;
– прымяненне на практыцы і ўдасканаленне навыкаў чытання рукапісных кірылічных тэкстаў XIV – XVII стст. ва ўмовах працы з арыгіналам дакумента;
– фарміраванне ўяўлення аб ролі палеаграфіі пры апісанні архіўных дакументаў, пры распрацоўцы навукова-даведачнага апарата архіва, у археаграфіі;
– вывучэнне матэрыяльнай асновы дакументаў, прымяненне на практыцы навыкаў філіграназнаўчага аналізу рукапісаў на паперы.
У выніку практыкі яе мэта і задачы былі выкананы ў поўным аб’ёме. У перыяд практыкі студэнты сустрэліся з адміністрацыяй НГА Беларусі, азнаёміліся з гісторыяй, арганізацыйнай структурай, функцыямі аддзелаў установы, яе профілем і складам фондаў, атрымалі ўяўленне аб мерапрыемствах па забеспячэнні захаванасці дакументаў перыяду XIV–XVIII стст., працы архівасховішча. У рамках практыкі студэнты таксама наведалі з экскурсіяй Залу рукапісаў, рэдкай кнігі і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Музей кнігі НББ.
Асноўную частку часу студэнтаў займала выкананне індывідуальнага задання. Яго змест прадугледжваў палеаграфічную апрацоўку двух арыгінальных дакументаў рознага часу з тэкстам кірылічнага пісьма XVI ст. – першай паловы XVII ст.

Кіраўнік практыкі ад кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт А.М. Латушкін адзначае:

«Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі нязменна выступае базай для правядзення палеаграфічных практык студэнтаў спецыяльнасці «Гісторыка-архівазнаўства» вось ужо больш за 20 гадоў. Многія і многія пакаленні студэнтаў змаглі ўпершыню дакрануцца да арыгінала старажытнага акта менавіта тут. І гэта – важна: эмацыйны ўзровень узаемадзеяння з аб’ектам прафесіі не менш істотны для фарміравання спецыяліста, чым тэарэтычнае і нават практычнае, але апасродкаванае чым-небудзь асваенне матэрыялу. Універсітэт, факультэт, кафедра крыніцазнаўства ўдзячныя кіраўніцтву НГА Беларусі, а таксама кіраўніцтву архіўнай галіны краіны за ўсебаковую дапамогу і плённае ўзаемадзеянне ў падрыхтоўцы будучых спецыялістаў, прычым за ўвесь перыяд гісторыі нашага супрацоўніцтва. Думаю, далучацца да гэтых слоў і самі студэнты»!

Меркаванні студэнтаў аб праходжанні практыкі.

Паліна Лухверчык: «За тры тыдні практыкі мне ўдалося пазнаёміцца з архівам, яго гісторыяй і складам фондаў, з дакументамі розных гістарычных перыядаў. Мне таксама ўдалося замацаваць тэарэтычныя навыкі, набытыя ў рамках вучэбнай дысцыпліны «СГД: палеаграфія», удалося палепшыць навыкі чытання старабеларускіх тэкстаў дзякуючы прадастаўленню архівам арыгіналаў дакументаў. Я працавала з дакументамі 1534 г. і 1556 г. У цэлым, досвед, набыты ў перыяд практыкі, я лічу найбольш каштоўным досведам, які мог бы набыць студэнт на першым курсе свайго навучання ва ўніверсітэце».

Іван Сухарэбры: «Практыка ў НГАБ для мяне была вельмі цікавай. Нам удалося папрацаваць з арыгіналамі дакументаў XVI–XVII стст., патрымаць у руках старыя (актавыя) кнігі, такія як «Магілёўскі магістрат». Спакойная атмасфера адасобленая, а часам і калектыўная праца з кнігай, якой больш за 400 гадоў надае нейкі шарм і зачароўвае. Асабіста мне заўжды былі цікавыя прадметы і дакументы, створаныя людзьмі, якія нарадзіліся задоўга да майго нараджэння. Чытаючы гэтыя дакументы, быццам вяртаешся ў далёкае мінулае, акунаешся ў жыццё тых гадоў…».

Уладзіслаў Шылько: «Прыбыўшы ў НГА Беларусі мы разумелі, што будзем працаваць з арыгіналамі. Гэта выклікала пэўную цікавасць у кожнага. Так і здарылася. Я атрымаў кнігу 1588 г. Магілёўскага магістрата. Было дастаткова цікава чытаць арыгінальны тэкст, напісаны пісьмом і мовай свайго часу. Атрымлівалася ў мяне гэта дастаткова проста. Досыць паспяхова атрымалася перанесці на паперу напісанне літар, якія ў старажытнасці пісаліся па-іншаму. Невялікую складанасць выклікала праца са слоўнікам і вадзяным знакам. Цалкам з уісмі заданнямі на першы тэкст я патраціў тыдзень. Другі тэкст быў з кнігі Гродзенскага земскага суда 1556 г. Маючы ўжо пэўны навык, другі тэкст я апрацаваў дастаткова хутка. Па выніках практыкі я яшчэ больш пашырыў свае магчымасці ў працы над старажытнымі дакументамі, што ў будучыні дазволіць больш дакладна ўстанаўліваць датыроўку, лакалізацыю і сэнс тэксту».

І яшчэ некалькі жывых назіранняў.

«Калі казаць прама, мне вельмі спадабаўся гэты досвед, бо ён дазваляе мне адчуць сябе сапраўдным архівістам, які разбірае тэксты. Комплексны разбор дакументаў дае ўяўленне аб тым, якія норавы былі ў нашых продкаў, пра што яны думалі, чым жылі»; «На гэтай практыцы я пазнаёміўся з гісторыяй архіва, як уладкованы архіў, таксама пазнаёміўся з загадчыкамі аддзелаў архіва, яны здаліся мне жыццярадаснымі (зламана адно са стэрэатыпных перакананняў)»!

У ходзе палеаграфічнай практыкі студэнты атрымалі каштоўны вопыт работы з арыгіналамі дакументаў, ацанілі магчымасці выкарыстання матэрыялаў НГА Беларусі ў вучэбнай і навуковай рабоце. Набытыя веды і навыкі будуць, несумненна, запатрабаваны будучымі архівістамі ў вучобе і далейшай рабоце.

 

Іван Сухарэбры, Анастасія Стараверава
Ілля Масцепанаў, Мікіта Манулік
Міхаіл Лахмакоў, Уладыслаў Шылько
Міхаіл Лахмакоў
Паліна Лухверчык
Уладыслаў Шылько