7 ліпеня 2022 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Валянціны Цімафееўны Камінскай, вядомага вучонага ў галіне акушэрства і гінекалогіі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Мінскага медыцынскага інстытута, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны

Нарадзілася Валянціна Цімафееўна Камінская 7 ліпеня 1922 г. у сям’і служачага ў с. Даўлеканава Башкірскай АССР. Скончыўшы сярэднюю школу, яна паступіла на лячэбны факультэт Башкірскага медыцынскага інстытута ў г. Уфа.

У 1943 г. добраахвотна пайшла на фронт. Удзельнічала ў якасці ўрача ў баявых дзеяннях на Заходнім фронце і 3-ім Беларускім фронце ў складзе 242-га і 603-га зенітна-артылерыйскіх палкоў. Перамогу сустрэла ў Польшчы. У перыяд вайны ёй было прысвоена званне старэйшага лейтэнанта медыцынскай службы.

Узнагароджана медалямі: «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і Ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пасля дэмабілізацыі працавала ў чыгуначнай бальніцы г. Вільнюса (1946-1949 гг.) і ў Мінскай чыгуначнай бальніцы (1950-1952 гг.).

У 1952 г. пачала выкладчыцкую дзейнасць у Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце на кафедры акушэрства і гінекалогіі. За 44 гады працы ў інстытуце В. Т. Камінская прайшла шлях ад простага выкладчыка да прафесара, доктара медыцынскіх навук.

Валянціна Цімафееўна аўтар больш за 250 навуковых прац. Удзельнічала ў працы шэрагу навуковых з’ездаў і канферэнцый, у тым ліку Міжнароднага кангрэса акушэраў-гінеколагаў у Маскве (1973 г.). На працягу 20 гадоў была членам спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый Мінскага медыцынскага інстытута.

Выстаўка падрыхтавана ў рамках сумеснага праекта з музеем гісторыі Беларускага медыцынскага ўніверсітэта.

Аўтары: загадчык аддзела інфармацыі і выкарыстання дакументаў к.г.н. Л. І. Масейчук і дырэктар музея БДМУ М. С. Шумін.

Праглядзець выставу

 

Валянціна Цімафееўна Камінская