Прэзентацыя пятай кнігі з серыі «Без тэрміна даўнасці» ў Брэсце

22 чэрвеня 2022 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы ім. М. Горкага адбылася прэзентацыя пятай кнігі з серыі «Без тэрміна даўнасці. Беларусь», прысвечанай Брэсцкай вобласці.

Ва ўступным слове дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І. Кураш адзначыў значнасць гэтага праекта для беларускай гістарыяграфіі. Ён падкрэсліў, што праект “Без тэрміну даўнасці” стаў, фактычна, агульнаархіўным у маштабах нашай рэспублікі.

Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ) А.К. Дземянюк выказаў меркаванне, што дзякуючы апублікаваным у зборніку дакументам адкрыліся новыя факты злачынстваў нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва рэгіёна.

Загадчык аддзела публікацый, к.г.н. С.У. Кулінок падрабязна расказаў пра склад дакументаў і пра тое, як вялася праца над зборнікам. Ён падкрэсліў важнасць публікацыі дакументаў нямецкага боку, якія пераканаўча сведчаць аб злачынствах супраць мірных грамадзян ужо з першых дзён вайны.

Загадчык кафедры гісторыі Беларусі, д.г.н., прафесар В.У. Здановіч падкрэсліў важнасць усёй серыі ў цэлым і кнігі па Брэсцкай вобласці для айчыннай гістарыяграфіі. Ён адзначыў удалую структуру зборніка і канцэпцыю ўсёй серыі, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што плённая работа НАРБ на ніве падрыхтоўкі актуальных і запатрабаваных навукай і грамадствам дакументальных зборнікаў будзе працягвацца.

Дырэктар Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці (ДАБр) А.Р. Карапузава расказала аб удзеле архіва ў падрыхтоўцы зборніка і аб складзе публікуемых дакументаў з фондаў ДАБр.

Аўтары гістарычнай прадмовы, к.г.н., дацэнты А.С. Розенблат і І.Э. Ялінская адзначылі важнасць такіх выданняў для ўключэння іх у адукацыйны працэс у вышэйшых навучальных установах, а таксама расказалі аб рабоце над гістарычнай прадмовай зборніка.

Па заканчэнні прэзентацыі дырэктар НАРБ А.К. Дземянюк перадаў поўны камплект зборнікаў «Без тэрміна даўнасці» Брэсцкай абласной бібліятэцы ім. М. Горкага, а таксама 15 экзэмпляраў кніг па Брэсцкай вобласці ў дзяржаўныя ўстановы, ВНУ, гарадскую бібліятэку і інш.