У рамках акцыі «Архівы- школе» адбылася сустрэча супрацоўнікаў установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы» з навучэнцамі ДУА «Сярэдняя школа № 7 г. Рэчыцы»

У рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы-школе» 22 чэрвеня 2022 года на базе занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы для навучэнцаў 8-10 класаў сярэдняй школы № 7 г. Рэчыцы быў праведзены ўрок па тэме «Мы гэтай памяці верныя!», прымеркаваны да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Перш за ўсё супрацоўнікі архіва распавялі юным гасцям пра гісторыю сваёй установы і правялі экскурсію па архівасховішчы і аддзелах архіва. Старшакласнікі даведаліся, якія дакументы захоўваюцца ў архіве, пазнаёміліся з працай архівістаў па прыёме дакументаў на пастаяннае захоўванне, стварэнню фондаў і забеспячэнню захаванасці архіўных дакументаў. Навучэнцам паказалі найстарэйшыя дакументы архіва (датаваныя 1926-1927 гг.), а таксама дакументы фонду асабістага паходжання ветэрана Вялікай Айчыннай вайны І.А.Гаўрыленка, пасля чаго ім было рэкамендавана ў будучыні перадаваць на захоўванне ў архіў дакументы сваіх выдатных сваякоў-ветэранаў вайны і працы, ганаровых грамадзян і т. п.

У чытальнай зале архіва адбыўся ўрок па тэме «Мы гэтай памяці верныя!», прысвечаны генацыду на акупаванай тэрыторыі г. Рэчыцы і Рэчыцкага раёна ў 1941-1943 гг. На ім школьнікі даведаліся аб бесчалавечнай палітыцы гітлераўскай Германіі ў дачыненні да мірных савецкіх грамадзян, разрабаванні і знішчэнні імі прадпрыемстваў і ўстаноў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі і медыцыны, а таксама аб фондах і дакументах ЗГА ў г.Рэчыцы, якія змяшчаюць гэтыя звесткі. З гэтымі дакументамі навучэнцы азнаёміліся па электроннай прэзентацыі і на стацыянарнай выставе.