У ўстанове «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці» распачала працу выстаўка «Лёсы людскія. Памяці ахвяр фашызму»

У рамках Года гістарычнай памяці ў чытальнай зале ўстановы «Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці» распачала працу выстаўка «Лёсы людскія. Памяці ахвяр фашызму», прызначаная да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

На выстаўке прадстаўлены дакументальныя матэрыялы з фондаў архіва, якія апавядаюць аб трагедыі мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта звесткі аб карных аперацыях супраць мірнага насельніцтва, арыштах і расстрэлах, абагульненыя звесткі і спісы савецкіх грамадзян, закатаваных і расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, сілком сагнаных на прымусовыя працы ў Германію, працоўныя карты і кніжкі, пасведчання асобы, медыцынскія карты, сведкавыя паказанні аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Экспаніруемыя архіўныя матэрыялы даюць магчымасць дакрануцца да пэўных гістарычных фактаў, сапраўдных дакументаў, адкрываюць важныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.