Прэзентацыя 3-га выпуску альманаха «Аўтограф»

9 чэрвеня, у Міжнародны дзень архіваў і дзень заснавання Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, адбыўся ўрачысты сход калектыва архіва-музея. Удзельнікі сходу згадалі гісторыю ўстанаўлення Міжнароднага дня архіваў і гісторыю стварэння архіва-музея.

Другая частка сходу была прысвечана прэзентацыі альманаха «Аўтограф», трэці выпуск якога быў прымеркаваны да названай святочнай даты. Выданне склалі матэрыялы ХХІ Узвышаўскіх чытанняў (прысвечаных 95-годдзю заснавання літаратурнага згуртавання «Узвышша») і ХІХ Архіўных чытанняў «Беларуская літаратура і літаратуразнаўства 2-й паловы ХХ ст.», а таксама тэксты дакладаў, якія прагучалі на Архіўных чытаннях у розныя гады і не ўвайшлі ў ранейшыя выданні.

Артыкулы і тэксты дакладаў, што склалі выпуск, прысвечаны вядомым ў беларускай культуры асобам. Сярод іх – пісьменнікі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Лукаш Бэндэ, Ян Скрыган, Максім Лужанін, Зінаіда Бандарына, Янка Брыль, Сцяпан Александровіч, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, мастакі Алексантэры Ахола-Вало і Валянцін Волкаў, філолаг і выдавец Браніслаў Эпімах-Шыпіла, гісторык і этнограф Мітрафан Доўнар-Запольскі, збіральнік фальклору і педагог Антон Грыневіч, грамадскі дзеяч і археолаг Іван Луцкевіч, навуковец і літаратар Вацлаў Ластоўскі… Многія даследаванні заснаваныя на дакументальных крыніцах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, беларускіх музеяў і бібліятэк.

На прэзентацыі выступілі кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Шумейка, загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Алена Макаранка, дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль і намеснік дырэктара архіва-музея Наталля Гардзіенка. Выступоўцы павіншавалі прысутных з выхадам альманаха, адзначылі важнасць падобнага выдання для сучаснай навукі, успомнілі этапы станаўлення архіва-музея як установы, закранулі пытанне камплектавання фондаў беларусаў замежжа, абмеркавалі далейшыя перспектывы выдання і навуковай дзейнасці.