Падпісанне Умоў рэалізацыі сумеснага праекта Дэпартамента па архівах і справаводству і БРСМ «Архівы: памяць аб мінулым у імя будучыні»

20 мая 2022 г. на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) адбылося ўрачыстае мерапрыемства па падпісанні Умоў рэалізацыі рэспубліканскага праекта «Архівы: памяць аб мінулым у імя будучыні».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел работнікі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дэпартамент), дзяржаўных архіўных устаноў, прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта і студэнцкіх атрадаў грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» (далей – ГА «БРСМ»), ветэраны будатрадаўскага руху.

Сумесны дакумент падпісалі дырэктар Дэпартамента В.І.Кураш і Камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Н.А.Шахоўская.

Даведачна. Рэспубліканскі праект «Архівы: памяць аб мінулым у імя будучыні» ініцыяваны Дэпартаментам сумесна з ГА «БРСМ» і прымеркаваны да правядзення Года гістарычнай памяці і 100-гадовага юбілея архіўнай службы Беларусі.

У рамках праекта на базе дзяржаўных архіваў будзе арганізавана работа прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» па выяўленні і вывучэнні архіўных дакументаў па гісторыі дзейнасці студэнцкіх будаўнічых атрадаў мінулых гадоў, па ўдзеле будатрадаўцаў ва ўзвядзенні і рэканструкцыі мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў, прысвечаных героям Вялікай Айчыннай вайны. Работнікамі дзяржаўных архіваў будзе аказана неабходная арганізацыйная, метадычная і практычная дапамога прадстаўнікам студэнцкіх атрадаў.

Праект рэалізуецца з мая па верасень 2022 года. Для працы прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў у дзяржаўных архівах вызначаны адзіныя дні – 16 чэрвеня, 14 ліпеня, 18 жніўня, 9 верасня.

Дырэктар Дэпартамента В.І.Кураш у сваім выступленні адзначыў, што рабоце з моладдзю, удзелу ў патрыятычным выхаванні і адукацыйных працэсах архіўнымі ўстановамі рэспублікі ўдзяляецца асабліва пільная ўвага. У рамках агульнадзяржаўнай гістарычнай палітыкі дзейнасць архіўных устаноў накіравана на фарміраванне ў падрастаючага пакалення аб’ектыўнага погляду на падзеі мінулага. У Год гістарычнай памяці па ініцыятыве Дэпартамента рэалізуецца рэспубліканская акцыя «Архівы – школе», якая прадугледжвае рэгулярнае правядзенне архівістамі інфармацыйна-асветніцкіх і адукацыйных мерапрыемстваў для навучэнцаў. За перыяд студзеня-красавіка 2022 года пад эгідай акцыі ўжо адбылося 160 мерапрыемстваў у розных кутках рэспублікі.

Камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Н.А.Шахоўская выказала ўпэўненасць, што прадастаўленая ў рамках праекта магчымасць работы з архіўнымі матэрыяламі мае для моладзі выключна важнае значэнне і будзе на практыцы садзейнічаць умацаванню гістарычнай памяці і пераемнасці пакаленняў беларускага народа.

Дырэктар Дэпартамента В.І.Кураш і дырэктар НАРБ А.К.Дзямянюк таксама падзяліліся з прысутнымі сваімі ўспамінамі аб удзеле ў рабоце студэнцкіх будаўнічых атрадаў.

Пасля завяршэння ўрачыстага мерапрыемства быў дадзены афіцыйны старт рэспубліканскаму праекту: больш за 30 прадстаўнікоў студэнцкіх атрадаў наведалі чытальную залу і архівасховішчы НАРБ, азнаёміліся з правіламі і методыкай працы з архіўнымі дакументамі, даведаліся аб складзе фондаў і асноўных напрамках дзейнасці архіва, пры садзейнічанні спецыялістаў правялі работу па выяўленні архіўных матэрыялаў па гісторыі будатрадаўскага руху.