Выстава да міжнароднага Дня сям’і у Нацыянальам архіве Беларусі
На выставе прадстаўлены фатаграфіі і экспанаты з сямейных архіваў работнікаў Нацыянальага архіва. Біяграфія шматлікіх экспанатаў унікальная: гэта медалі і ордэны, якія з трапятаннем захоўваюцца ў сем’ях абаронцаў Айчыны, лісты з фронту з кранальнымі словамі да каханай жонкі, мноства сямейных фатаграфій, ордэнскія кніжкі, пасведчанні, асабістыя лісты па ўліку кадраў на партызан.
Таксама на выставе прадстаўлены ўнікальны экспанат – скрыпка і смык аднаго з удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія беражліва захоўваюць у сям’і нам. дырэктара архіва А.У.Кушновай і экзэмпляр газеты «Правда» за 10 мая 1985 года, з фатаграфіяй Героя Савецкага Саюза Шыла М.Д., удзельніка парада на Краснай плошчы – дзядулі аднаго з работнікаў аддзела ІПС архіва.
У гісторыі сем’яў супрацоўнікаў адлюстроўваецца гісторыя як Нацыянальнага архіва, так і нашай краіны ў цэлым. Адны продкі служылі ў Чырвонай Арміі, іншыя прымалі удзел у партызанскім руху, нехта з іх загінуў, прапаў без вестак, а нехта дажыў да старэчых гадоў. Арыгінальная выстава яшчэ раз паказвае, што ў архіве працуюць людзі, якія ўмеюць захоўваць гістарычную памяць, шануюць сямейныя традыцыі, ведаюць сапраўдную каштоўнасць архіўных дакументаў і вельмі беражліва да іх ставяцца.