14 мая 2022 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбыўся мемарыяльны вечар «Гістарычная памяць: Жаночы твар Перамогі»

14 мая 2022 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбыўся мемарыяльны вечар «Гістарычная памяць: Жаночы твар Перамогі». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларускі саюз жанчын, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва пры ўдзеле Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Вялікая Айчынная вайна – трагічная і гераічная старонка ў гісторыі нашай краіны. Нароўні з мужчынамі тысячы жанчын мужна стаялі на абароне Айчыны: ваявалі на фронце, удзельнічалі ў партызанскім руху і падполлі, працавалі ў шпіталях і на заводах. Удзельнікі мемарыяльнага вечара ўшанавалі памяць прадстаўніц творчых прафесій: дзяячак мастацтва, літаратуры і тэатра, якія ўнеслі свой уклад у Перамогу.

Са сцэны тэатра прагучалі выступленні і канцэртныя нумары, якія вярнулі гледача да падзей Вялікай Айчыннай вайны, былі ўзгаданы імёны многіх слаўных жанчын нашай Айчыны. Сярод іх мастачка Соф’я Лі – сувязная і разведчыца, парторг партызанскага атрада, член бюро Пухавіцкага падпольнага райкама партыі. Пісьменніца Алена Васілевіч, якая працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам у страявой часці, начальнікам бібліятэкі. Вучоная-музыказнаўца Лідзія Мухарынская, якая паступіла на курсы медсясцёр, была накіравана ў медсанбат 324-й стралковай дывізіі, у складзе якой дайшла да Кёнігсберга і закончыла вайну на Далёкім Усходзе. Оперная спявачка, рэжысёр, грамадская дзяячка Ларыса Александроўская, пад кіраўніцтвам якой была створана франтавая канцэртная брыгада, якая абслугоўвала байцоў І Беларускага фронту і беларускіх партызан. Оперныя спявачкі Соф’я Друкер і Рыта Млодэк, балерына Тамара Узунава, якія ўдзельнічалі ў працы франтавых канцэртных брыгад. Актрысы Аляксандра Асторына, Вольга Галіна-Александроўская, Ірына Ждановіч, Раіса Кашэльнікава і Стэфанія Станюта, якія разам з тэатрам імя Янкі Купалы знаходзіліся ў эвакуацыі ў Томску і ўдзельнічалі ў абслугоўванні перадавых частак Чырвонай Арміі.

На сцэне выступілі артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі” з вакальнымі і харэаграфічнымі нумарамі. Вучні ДУА “Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга гімназія № 50 г. Мінска” прадставілі ўрывак са спектакля “А досвіткі тут ціхія”.

З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на сцэне і ў Каміннай зале тэатра на стэндах дэманстраваліся копіі архіўных дакументаў і матэрыялаў, якія адлюстроўваюць ваенны перыяд дзейнасці ўзгаданых асоб: фатаграфіі, афішы, запісы партызанскіх песень і вершаў, тэлеграмы і пісьмы, ордэнскія кніжкі, пасведчанні і даведкі, ганаровыя граматы і інш.