9 Мая да мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» прыйшлі супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці на чале з дырэктарам архіва С.І.Міклашэвічам, каб успомніць подзвігі дзядоў і прадзедаў

9 Мая да мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» прыйшлі супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці на чале з дырэктарам архіва С.І.Міклашэвічам, каб успомніць подзвігі дзядоў і прадзедаў, якія вызвалялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выказаць падзяку за іх гераічны подзвіг, які яны здзейснілі ў імя мірнага неба і шчасця іншых людзей.

Калектыў архіва разам з падрастаючым пакаленнем патрыётаў прыняў удзел у «Шэсці пакаленняў» у рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае» і ўрачыстым мітынгу, прысвечаным 77-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Ушанавалі хвілінай памяці ўсіх герояў. Усклалі кветкі да Вечнага агню і мемарыяла, на якім пазначаны назвы і нумары воінскіх часцей, якія прымалі ўдзел у вызваленні Гродна.

Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» быў збудаваны для ўвекавечання памяці савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Урачыстая закладка кургана на праспекце Касманаўтаў адбылася 17 верасня 1968 года і роўна праз год мемарыял быў урачыста адкрыты. Для яго ўзвядзення зямля была ўзятая з брацкіх магіл герояў СССР з кожнага раёна Гродзенскай вобласці (усяго 83 месцы).

У гэты дзень архівісты шмат размаўлялі пра 9 Мая – Дзень Перамогі, аб каштоўнасцях і гераічным подзвігу, які здзейсніў савецкі народ, аб тым, што павінны не толькі не забываць аб гэтым светлым свяце, але і ганарыцца, што гэта перамога нашага народа. Ахвотна дзяліліся сваімі апавяданнямі і сямейнымі гісторыямі аб Вялікай Айчыннай вайне, бо няма ніводнай сям’і, якую не закранула б гора вайны. Архівісты, як захавальнікі гісторыі, выяўляючы і чытаючы гістарычныя дакументы, разумеюць увесь страх і жах таго часу, не па чутках ведаюць, што тыя трагічныя падзеі прывялі да шматлікіх страт і з боку вайскоўцаў, і што самае страшнае-сярод мірнага насельніцтва, і застацца абыякавымі ў гэты дзень проста не мелі права.