Дальва – сястра Хатыні

З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны вёска Дальва аказалася ў тыле ворага. Мужчыны пайшлі на фронт ці ў партызаны, у вёсцы засталіся толькі старыя, жанчыны і дзеці.

Трагедыя ў вёсцы здарылася 19 чэрвеня 1944 года. Напярэдадні прыходу Чырвонай Арміі нацысцкія акупанты спалілі Дальву разам з жыхарамі.

Раніцай з лесу з боку суседняй вёскі Жардзяжжа выехалі крытыя грузавікі з карнікамі і спыніліся на ўскраіне Дальвы. Шчыльным кольцам нацысты акружылі вёску, а затым, падганяючы крыкамі і прыкладамі, сагналі ўсіх жыхароў на ўскраіну і замкнулі ў доме Васіля Кухаронка.

Пасля гэтага карнікі кінулі ў хату гранату і падпалілі яе. Тых, хто спрабаваў выбрацца праз падпаленую страху, нацысты расстрэльвалі з аўтаматаў. Расправіўшыся з мірнымі жыхарамі, каты падпалілі вёску з двух бакоў.

У полымі пажару загінулі 44 чалавекі: 29 дзяцей, 13 жанчын і 2 мужчын. Старэйшаму з загінуўшых было восемдзесят гадоў. А самаму малодшаму – Косце Кухаронку – каля двух. Разам з дальвінцамі былі спалены хлопчык і дзяўчынка з іншых вёсак: Юзік Грынь з Дзядзелавічаў, які дапамагаў сваячцы па гаспадарцы, і Оля Фальковіч з Вязаўшчыны, якая напярэдадні, у нядзелю, прыйшла ў госці да сяброўкі.

Цудам выжыў 13-гадовы Коля Гірыловіч, які на досвітку павёў каня на луг за вёску. У агні загінулі яго маці, бацька, браты… Ужо ў дарослым узросце Мікалай Пятровіч пакінуў пранізлівыя ўспаміны аб падзеях таго страшнага дня ў кнізе “Дальва – сястра Хатыні” (упершыню выдадзена ў 1977 годзе).

29 чэрвеня, праз дзесяць дзён пасля трагедыі, у гэты раён выйшлі падраздзяленні Чырвонай Арміі. З навакольных вёсак на месца трагедыі прыйшлі жыхары, а таксама партызаны, каб пахаваць астанкі спаленых дальвінцаў.

Напярэдадні прайшоў дождж, які размыў страшнае папялішча. Людзі асцярожна расцягвалі чорныя галаўні, знаходзілі пад імі і прыносілі, у вялізную драўляную скрыню астанкі. На вяроўцы скрыню апусцілі ў брацкую магілу, выкапаную недалёка ад дома, дзе былі спалены жыхары вёскі.

У хуткім часе на месцы трагедыі былі пастаўлены тры драўляныя крыжы рознай вышыні: старэйшаму, сярэдняму і малодшаму пакаленням спаленых дальвінцаў. Брацкую магілу абнеслі драўлянай агароджай. У далейшым на ёй быў устаноўлены памятны абеліск.

15 ліпеня 1973 года на месцы спаленай вёскі Дальва ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці быў адкрыты Мемарыяльны комплекс (аўтар праекта Уладзімір Церабун). У цэнтры кампазіцыі – скульптура “Маці і дзіця”. На сцяне памяці пералічаны імёны і ўзрост усіх загінуўшых жыхароў.

Уздоўж былой вуліцы ўстаноўлены 5 сімвалічных зрубаў з бетону. На ганку кожнага зруба размешчаны скульптурныя кампазіцыі з розных прадметаў мірнага побыту: інструменты цесляра, серп, гладыш для малака, ляльку, чытанка. На мемарыяльным камені таблічка з вершам:

“Спаліў нас вораг чэрвеньскай парою –
Дзядоў, жанчын, падлеткаў і дзяцей.
Даруйце, людзі добрыя, за тое,
Што вас не сустракаем, як гасцей”.

Памяць аб жыхарах вёскі таксама ўшанавана на мемарыяльных плітах Хатынскага некропаля.

Дакументы аб трагедыі Дальвы і аб мемарыялізацыі памяці яе жыхароў захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Шэраг матэрыялаў апублікаваны ў архіўных зборніках “Трагедыя беларускіх вёсак” (2011 г.) і “Хатынскі некропаль” (2014 г.), а таксама размешчаны ў адкрытым доступе ў рамках архіўнага інтэрнэт-праекта – базы даных «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны».