У рамках акцыі «Архівы – школе» ў дні школьных канікул навучэнцы кобрынскіх сярэдніх школ пабывалі ў Занальным дзяржаўным архіве ў г. Кобрыне

У рамках акцыі «Архівы – школе» ў дні школьных канікул навучэнцы кобрынскіх сярэдніх школ пабывалі ў Занальным дзяржаўным архіве ў г. Кобрыне.

28 сакавіка 2022 г. для вучняў 9 класа сярэдняй школы № 7 была праведзена аглядная экскурсія, падчас якой яны пазнаёміліся з асноўнымі кірункамі дзейнасці архіва. Дзеці пабывалі ў архівасховішчах, даведаліся якім чынам ажыццяўляецца захоўванне дакументаў і з якіх арганізацый яны паступаюць.
Школьнікам была прадэманстравана выстава дакументаў, прысвечаная аднаўленню народнай гаспадаркі Кобрынскага і былога Дзівінскага раёнаў Брэсцкай вобласці ў пасляваенны перыяд.

У завяршэнні сустрэчы загадчык аддзела забеспячэння захаванасці, уліку, навукова-даведачнага апарата, выкарыстання і публікацыі дакументаў архіва Святлана Заруба расказала пра інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх можна ажыццяўляць пошук інфармацыі аб архівах, а таксама атрымаць звесткі аб відах дакументаў, якія ў іх захоўваюцца. Адказала на пытанні, у якіх вышэйшых навучальных установах сёння падрыхтоўваюць спецыялістаў архіўнай сферы.

29 сакавіка 2022 г. у чытальнай зале архіва прайшла сустрэча з вучнямі 9-х класаў сярэдняй школы № 8.

Урок быў прысвечаны памяці аб доблесным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэму «Помнім. Шануем. Ганарымся!». Былі прадэманстраваны дакументы ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Васільевіча Макарчыка, якія захоўваюцца ў калекцыі дакументаў асабістага паходжання – аўтабіяграфія, воінскае пасведчанне, фатаграфіі ветэрана з баявымі таварышамі, ганаровыя граматы і падзякі, артыкулы, апублікаваныя ў газетах, віншавальныя адрасы. У час выступлення вядучы архівіст Таццяна Якушык зачытала ўрыўкі ўспамінаў ветэрана, прысвечаныя Дню Перамогі.

Сустрэча завяршылася правядзеннем агляднай экскурсіі па архіве.