Гісторыя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ардэнаносца, ветэрана архіўнай службы Гомельскай вобласці Аніскаўца Георгія Васільевіча

АНІСКАВЕЦ Георгій Васільевіч, нарадзіўся 14.07.1921 года ў вёсцы Казялужжа Хойніцкага раёна Палескай вобласці (08.01.1954 – Гомельскай) БССР. Пасля заканчэння школы ў 1939 г. паступіў на гадавыя курсы пры Гомельскім педінстытуце. Працоўную дзейнасць пачаў у 1940 г. настаўнікам Чырвона-Будскай НСШ Церахоўскага раёна Гомельскай вобласці. Тут яго і заспела Вялікая Айчынная вайна (1941-1945 гг.).

З успамінаў Аніскаўца Г.У. аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.):

«…21 чэрвеня 1941 г. я вяртаўся з кіно. Было ўжо позна, калі пачуў гук самалёта і страляніну зенітак, запахла дымам і гарам…

…22 чэрвеня 1941 г. у 12 гадзін дня па радыё абвясцілі, што фашысцкая Германія без аб’яўлення вайны напала на нашу Радзіму… Так пачалася Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг. …

…Мой бацька працаваў ва Упраўленні Беларускай чыгункі і, калі кіраванне стала эвакуіравацца, я разам з бацькам і маці выехаў на станцыю Шахунья Горкаўскай чыгункі.

…Праз некалькі дзён па прыбыцці на станцыю Шахунья… я пайшоў у ваенкамат, а ўжо праз 2 дні атрымаў позву і 20 жніўня 1941 г. быў прызваны ў Савецкую Армію…

…Была сфарміравана 478 асобная тэлеграфна-будаўнічая рота, куды я быў накіраваны. Тут нас навучалі працаваць на тэлефонным апараце і праводзіць тэлефонныя лініі…»

Аніскавец Георгій Васільевіч удзельнічаў у баях на Паўночна-Каўказскім фронце, дзе12 студзеня 1943 г. быў паранены ў левую руку пры штурме вышыні 509.3. Быў на 2-ім і 3-ім Беларускім франтах, браў удзел у падрыхтоўцы, штурме і вызваленні горада Варшавы. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. Аніскавец Г.В. трапіў у 21-ы Матарызаваны тапаграфічны Штэцінскі чырванасцяжны атрад (МТШЧА). На працягу 1945-1946 гг. атрад выконваў урадавае заданне па ўдакладненні і змене карты Польшчы. У кастрычніку 1946 г. быў дэмабілізаваны.

З верасня 1947 года па чэрвень 1949 года вучыўся ў Гомельскім Дзяржаўным педагагічным інстытуце імя В.П.Чкалава. Са жніўня 1949 па жнівень 1950 г. працаваў настаўнікам Прыборскай СШ Гомельскага раёна і адначасова завочна вучыўся ў педагагічным інстытуце, які скончыў у 1953 годзе. Са жніўня 1950 г. па жнівень 1956 г. працаваў настаўнікам у 15 ж/д СШ г. Гомеля, са жніўня па кастрычнік 1956 г. выкладаў у будаўнічай школы №4 г. Гомеля. З кастрычніка 1956 года па сакавік 1965 года займаў пасаду старшага інспектара архіўнага аддзела аблвыканкама г. Гомеля, з сакавіка 1965 года па жнівень 1984 год – загадчыка архіўнага аддзела аблвыканкама г. Гомель, з верасня па снежань 1984 года – старшага інспектара аддзела кадраў мантажнага ўпраўлення №2 г. Гомель, са снежня 1984 па студзень 1985 года – начальніка адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела аблстатупраўлення г. Гомеля. З лютага 1985 года па сакавік 1992 года займаў пасаду загадчыка архівасховішча Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці.

Узнагароджаны: Ганаровай граматай аблвыканкама (05.03.1960г.); Ганаровай граматай Главархіва СССР і ЦК прафсаюза работнікаў дзяржустаноў (19.10.1967г.); Граматай Вярхоўнай Рады БССР (07.06.1978г.); Ганаровай граматай абласнога камітэта КПБ і аблвыканкама (14.07.1981г.); Ордэн Славы 3 ступені (13.03.1968г.); медалямі: “За абарону Каўказа” (07.08.1945г.), “За вызваленне Варшавы” (24.03.1946г.), “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг. » (07.10.1945г.), «За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна» і інш.