15 сакавіка 2022 года Дзяржархівам Віцебскай вобласці ва ўстанове адукацыі «Гімназія №4 г. Віцебска» была праведзена класная гадзіна па тэме «Спадчыннікі і захавальнікі слаўнай гісторыі»

Установа “Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці” прымае ўдзел у рэалізацыі акцыі “Архівы – школе”. 15 сакавіка 2022 года ва ўстанове адукацыі “Гімназія №4 г. Віцебска” вядучы архівіст Богуш Крысціна Вадзімаўна правяла класную гадзіну у 4 «А» класе па тэме “Спадчыннікі і захавальнікі слаўнай гісторыі”.

Мерапрыемства праводзілася ў форме дыялогу!

У рамках мерапрыемства архівіст расказала вучням аб тым, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2022 год аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам гістарычнай памяці.

А потым папрасіла адказаць на пытанне: што, па іх меркаванні, гэты Год азначае для кожнага з іх?

У выніку абмеркавання тэмы, як і дзе шукаць інфармацыю аб продках, навучэнцы даведаліся, што ў нашай краіне захаванасць дакументаў забяспечваюць рэспубліканскія архіўныя ўстановы, а таксама і абласныя і занальныя дзяржаўныя архівы. У Віцебскай вобласці дзейнічаюць 4 дзяржаўныя архівы: гэта Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці і занальныя дзяржаўныя архівы ў гарадах Глыбокае, Оршы і Полацку. Таксама функцыянуюць гарадскія і раённыя архівы. Архівам адведзена асноватворная роля ў захаванні дакументальнай спадчыны для цяперашняга і будучых пакаленняў. Бо дакументальная спадчына – гэта памяць чалавецтва. А народная мудрасць вучыць: “Трэба памятаць мінулае, жыць сучаснасцю і верыць у будучыню”.

Прагучала інфармацыя аб тым, што Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці з’яўляецца самым буйным з абласных архіваў краіны па колькасці дакументаў, якія захоўваюцца – 1 351 888 спраў.

І ў іх не сухія статыстычныя дадзеныя, гэта – лёсы людзей.

Архіў не склад і не сховішча,
Жывыя лёсы тут. Свяцілішча.
І ў ім гісторыя жыве,
Якую стварыў народ.

З навучэнцамі гаварылі аб тым, што кожны з нас павінен з падзякай успомніць аб гераічным мінулым сваіх блізкіх (дзядоў, прадзедаў), якія змагаліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бо ў нашай рэспубліцы няма ніводнай сям’і, якую б не закранула Вялікая Айчынная вайна. Памяць аб іх – гэта святы абавязак іх нашчадкаў.

Крысціна Вадзімаўна расказала пра свайго дзядулю Мажаева Івана Фёдаравіча, ураджэнца вёсцы Ражнова Вілейскага раёна. Яна прапанавала дзецям даведацца пра сваіх продкаў – удзельнікаў вайны, бо ў кожнай сям’і ёсць свой герой, а магчыма, і некалькі.

Затым прагучала інфармацыя, што лёс людзей, якія змагаліся на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны, можна паспрабаваць ўстанавіць па дакументах Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў горадзе Падольску (Расійская Федэрацыя).

Але не заўжды трэба адразу звяртацца ў архіў. Архівісты Беларусі і Расіі робяць шмат для таго, каб архіўная інфармацыя сёння была даступна як мага большай колькасці людзей.

У якасці папулярызацыі крыніц аб Вялікай Айчыннай вайне архівіст прапанавала дзецям наведаць унікальны сайт “Памяць народа”, створаны па дакументах Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Дзякуючы пошукавай сістэме і адсканаваным дакументам ваенных гадоў, кожны чалавек можа даведацца пра лёс сваіх сваякоў, якія бралі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. На сайце можна знайсці інфармацыю не толькі аб героях вайны, але і баявых аперацыях, воінскіх часцях, воінскіх пахаваннях; тут размешчана вялікая колькасць фатаграфій, карт.

Падчас гутаркі архівіст прадэманстравала беларускі сайт “Партызаны Беларусі”, на якім сабрана інфармацыя пра тых, хто змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе партызанскіх фармаванняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі. Сайт ствараецца на падставе дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

У ходзе мерапрыемства былі паказаны старыя фатаграфіі Віцебска, асабістыя дакументы ўдзельнікаў вайны, якія захоўваюцца ў Дзяржархіве Віцебскай вобласці і ў сямейных архівах работнікаў Дзяржархіва.